Аманскі інвэстар набывае кавалак зямлі, каб пабудаваць шматфункцыянальны комплекс. Адпаведны ўказ пад № 93 падпісаў Аляксандар Лукашэнка.
Дзяржаўны генэральны рэзэрвовы фонд Султанату Аман атрымае ва ўласнасьць зямельны ўчастак у цэнтры Менску за $10 млн.
http://maps.google.com/maps/ms?ie=UTF8&hl=en&t=h&msa=0&msid=115279488988803025082.000480f8d2a3c6e1309ef&ll=53.907498,27.559676&spn=0.009986,0.022573&z=15&output=embed
Асноўныя палажэньні ўказу:
- Новастворанае прыватнае прадпрыемства “Арол Пропэціз чатыры” атрымлівае ў прыватную ўласнасьць надзел зямлі ў межах вуліц Янкі Купалы — Максіма Багдановіча — ракі Сьвіслачы.
- Надзел перадаецца ва ўласнасьць без правядзеньня аўкцыёну.
- Да 2016 году на гэтым месцы будзе пабудаваны новы комплекс.
- Ва ўласнасьць таксама перадаюцца будынкі і збудаваньні на гэтай тэрыторыі. У тым ліку: Нацыянальны выставачны цэнтар “БелЭкспа”, 2-я гарадзкая клінічная бальніца і цеплавая падстанцыя. Вызваленьне гэтых будынкаў і збудаваньняў будзе зроблена за кошт ведамстваў, на балянсе якіх яны знаходзяцца.
- Забараняецца зносіць будынкі, якія ўключаныя ў Дзяржаўны сьпіс гісторыка-культурных каштоўнасьцяў: манастырскі корпус, дом інвалідаў, багадзельня. Таксама трэба захаваць Алею Дружбы.
- На пэрыяд будаўніцтва заказчык вызваляецца ад выплаты мыта і падатку на дададзеную вартасьць на абсталяваньне, будматэрыялы і іншыя тавары для будаўніцтва, якія ўвозяцца ў Беларусь.
А. Астаповіч: ёсьць вельмі вялікі страх
Старшыня Беларускага добраахвотнага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры Антон Астаповіч падзею пракамэнтаваў гэтак:
“На гэтай тэрыторыі гісторыка-культурная каштоўнасьць: 2-і клінічны шпіталь — некалькі карпусоў былога базыльянскага кляштара. Я ня веру, што Міністэрства культуры і Менгарвыканкам “прынізяць” паверхі новабудоўляў, каб не была закрытая панарама Верхняга гораду. Таксама невядома, што будзе з будынкамі Траецкага кляштара. Ну, маюць яны статус гісторыка-культурнай каштоўнасьці, але ў нас цэлы шэраг прыкладаў па Менску, калі інвэстары зносяць гісторыка-культурныя каштоўнасьці і ніякай адказнасьці не нясуць. Таму ёсьць вельмі вялікі страх”.
Чытаць па тэме:
Ці вытрымае Менск "аманскі" пэрыяд?
Як аманскія матывы ўпішуцца ў Менск эўрапейскі?