Эўракамісія ўхваліла вырошчваньне генэтычна мадыфікаванай бульбы "амфлора" з павышаным утрыманьнем у крухмале амілапэкціну.
2 сакавіка быў таксама ўхвалены продаж трох відаў генна-мадыфікаванай кукурузы гатунку "мансанта". Пры гэтым краіны — сябры ЭЗ атрымалі права вырашаць, ці хочуць яны вырошчваць прадукты са зьмененай генэтычнай структурай.
Гатунак бульбы "амфлора" распрацаваны толькі для прамысловых патрэбаў, можа выкарыстоўвацца як жывёльны корм або пры вырабе паперы, у якой выкарыстоўваецца крухмал. Чакаецца, што ўжо сёлета вясной яе пачнуць саджаць у Нямеччыне і Чэхіі, а затым у Нідэрляндах і Швэцыі.
Кукуруза гатунку "MON 810" фірмы "Мансанта" была ўхвалена ў 1998 годзе і вырошчваецца ў Гішпаніі, Партугаліі, Румыніі, Славакіі і Чэхіі. Эўракамісія дазволіла толькі распаўсюджваньне, але не вырошчваньне яшчэ трох відаў трансгеннай кукурузы.
Прыняцьце рашэньня адкладвалася, у прыватнасьці, з-за шматлікіх праверак бясьпекі для здароўя чалавека і жывёлаў генэтычна мадыфікаваных прадуктаў. Эўракамісія пайшла на ўхваленьне, устанавіўшы шэраг абмежаваньняў. Так, клубні генэтычна мадыфікаванай бульбы павінны ўручную адсартоўвацца ад клубняў бульбы, прызначанай для ежы людзей і на корм жывёле, і будуць пастаўляцца толькі на спэцыялізаваныя прадпрыемствы.