“Свабода” ня мае на мэце папулярызацыю саматужна вырабленай гарэлкі. Але, паколькі гэты напой застаецца ў Беларусі адным з самых народных і папулярных, напярэдадні калядных сьвятаў журналісты нашага радыё дасьледавалі гэту тэму.
СТАРЫЯ ДАРОГІ
Для экспазыцыі новага музэю шукаюць спраўны самагонны апарат
Нельга пачынаць гутарку пра самагонку, ня ведаючы апошніх навінаў са Старадарожчыны. Лясны куток лічыцца сталіцай прыватных бровараў. Дакумэнтальныя сьведчаньні гэтаму зьбірае новы краязнаўчы музэй, які ствараецца ў гарадку. Пра гэта паведаміла “Свабодзе” гісторык Тацьцяна:
“У нас ужо ёсьць пісьмовы рэцэпт старадароскай самагонкі, а вось самагоннага апарата пакуль няма. Бабуля, якая склала для музэю рэцэпт, абяцала перадаць і тэхніку. Аднак некалькі дзён таму ўжо заявіла, што “няма апарата, дзесьці загубіўся”. Мажліва, што схітравала, пакінула на свае патрэбы”.
Дасьледчык беларушчыны Віктар Хурсік лічыць, што ў новым музэі нельга шкадаваць плошчы на гісторыю самагонкі як жыватворнага напою:
“Гэта павінна быць абавязкова ў Старых Дарогах. Павінен стаяць клясычны самагонны апарат. Павінна быць дэгустацыя. Пад салёны гурок ды з салодкім мёдам — гэта фантастыка! Вы ведаеце: самагонку людзі пілі і п’юць ня толькі таму, што не хапае грошай на так званую “манапольку”. Самагонка не пакідае такіх наступстваў, як фабрычная гарэлка”.
Ураджэнец Старадарожчыны Алесь Дастанка цьвердзіць, што тутэйшая самагонка — гэта сьляза ад Бога. Яшчэ хлапчуком ён быў памагатым на агульным лясным бровары:
“У лесе стаіць апарат, ля яго — дровы. І па чарзе дзяжураць два альбо тры чалавекі. Мне і самому даводзілася быць там і назіраць. Працэс можа доўжыцца суткі, двое ці нават трое — у залежнасьці ад таго, колькі гэтага прадукту было патрэбна”.
Рэцэпт старадароскай самагонкі, якая прэтэндуе на легалізацыю
Дарэчы, неўзабаве будзе роўна год, як у Беларусі афіцыйна дазволена гнаць і прадаваць самагонку. У дакумэнтах яна фігуруе як “арыгінальны алькагольны напой па нетрадыцыйнай тэхналёгіі з выкарыстаньнем народных рэцэптаў”. Гэты дазвол цяпер скарыстоўваюць у музэйным комплексе “Дудуткі”, у Нацыянальным парку “Белавеская пушча”, у экспазыцыі “Беларуская вёска 19-га стагодзьдзя” ў Строчыцах ля Менску і ў горналыжным спартыўным комплексе “Лагойск”. На чарзе — Старыя Дарогі. Рэцэпт самагону агучвае музэйны супрацоўнік спадарыня Тацьцяна:
“У дзьвюх пасудзінах па 2 вядры прарошчанага і змолатага жыта залівалі гарачай вадой. Калі сумесь набывала гушчыню сьмятаны, яе зьлівалі разам і запарвалі кіпнем (2—3 вядры). Бочку ўхутвалі на 30 мінут. Пасьля дадавалі вядро загадзя прыгатаванага соладу. Калі маса астудзіцца, дадавалі зьмяшаныя разам дрожджы і цукар. Пасьля ахалоджваньня бочку пакідалі на два тыдні. Калі брага адбрадзіла, то можна было пачынаць гнаць самагонку на апараце”.
ГАРАДЗЕНШЧЫНА
У Івянцы цяперашнія бровары распальваюць газам
Як гатуецца добрая самагонка ў мястэчку Івянец. Вось што расказала пажылая жыхарка Вольга.
“Секлі бульбу і муку мяшалі, секачом секлі, заварвалі ўсё. А потым яна стаіць, бродзіць, дрожджы, можа тыдзень, ці дзён якіх пяць. Потым, як яна выбрадзіцца, перастае брадзіць, пачынаюць гнаць, заліваюць у бочку, там такі “халадзільнік”, трубкі, кацёл, і тады з халадзільніка ідуць трубкі ў кацёл, а з бочкі — брага. Пад кацёл падкладаюць агонь”.
Спадар падказвае: “Цяпер замест дроваў — газ”.
“Гарэлку гонім да таго часу, пакуль горасьць чуваць”
Самым каштоўным заўжды лічыўся пяршак. Як яго рабілі?
Пэнсіянэрка: “І пачынае ісьці, пяршак, але спачатку адгоняць першы раз, а потым — паўторна, каб была добрая. Заліваюць назад гарэлку ў кацёл, вады дабаўляюць, і яна зноўку пачынае ісьці, і вось тут — пяршак добры якраз. І тады пачынаецца гарэлка, ідзе, пакуль горасьць чуваць. Калі горасьць больш не чуваць, калі вада, то — усё”.
Як высьвятляецца, івацэвіцкая самагонка была са збожжа і бульбы разам:
“Збожжа і бульба дабаўляецца. А як бульба мёрзлая, дык гэта яшчэ лепей. Або каб збожжа было “рослае”, яшчэ лепш тады саладзіць”.
“Свая гарэлка — гэта ня тое, што крамны каньяк…”
Увогуле лічыцца, што на Гарадзеншчыне людзі ў вёсках традыцыйна робяць добрую гарэлку, пераважна хлебную. Але зараз многія прыстасаваліся рабіць гэта і ў кватэрных умовах.
Гаспадыня распавядае мне, што найважней падчас працэсу самагонаварэньня — вытрымаць тэхналёгію, уважліва сачыць за працэсам. Як правіла, першую гарэлку зьліваюць, бо там шмат сівушных алеяў, пераганяюць яе некалькі разоў, а дзеля таго, каб мела смак, потым дадаюць розныя дабаўкі.
найважней падчас працэсу самагонаварэньня — вытрымаць тэхналёгію ...
Спадарыня: “Дабаўляць можна зуброўку, зьверабой, можна мёд дадаць — 1 лыжка на трохлітровы слоік. Можна дадаць лімона і цукру — таксама гэта робіць гарэлку мяккай. Мы дадавалі журавіны. Калі табе падабаецца мяккая гарэлка, то на свой густ столькі і дадаеш”.
“Вырабляем самагонку, каб на сьвяты на стол паставіць і на лекі выкарыстаць”
Спадарыня распавядае, што сваю гарэлку традыцыйна яе бацькі рабілі і зараз робяць не дзеля таго, каб прадаць, а каб на сьвяты паставіць на стол, калі прыедуць дзеці, а таксама выкарыстаць на лекі. Асабліва яна раіць мядовую гарэлку.
Спадарыня: “Найвыдатнейшая гарэлка атрымліваецца. Гэта ня тое, што крамны каньяк — там натуральны прадукт, мёд”.
Яшчэ адна спадарыня распавядае мне, што сваю гарэлку людзі дагэтуль робяць з аглядкай, бо ўладамі гэта караецца. А вось у нашых суседзяў у Польшчы з гэтым інакш.
У Польшчы ёсьць спэцыяльныя магазынчыкі, дзе прадаюць усе неабходныя прыстасаваньні ...
Спадарыня: “У Польшчы ёсьць спэцыяльныя магазынчыкі, дзе прадаюць усе неабходныя прыстасаваньні, калі ты сам вырабляеш гарэлку альбо віно — трубачкі, лядоўні. Мы яшчэ падумалі набыць, але дзе ты гэта прывязеш…”
Рэцэпт лекаў на самагонцы ад прастуды
На разьвітаньне спадарыня параіла рэцэпт ад прастудных захворваньняў — настой на самагонцы. Кажа, надта добра дапамагае.
Спадарыня: “Адну шклянку малінаў заліць моцным першаком, настаяць два тыдні ў цёмным месцы, затым зьліць гэты настой. Піць па адной чайнай лыжачцы на 0,5 шклянкі гарачага малака нанач”.
ГОМЕЛЬШЧЫНА
У рэгіёне гоняць “карчоўку”, “чыгуноўку”, “цукроўку” і “хлебную”
На Гомельшчыне найлепшы самагон выраблялі на Палесьсі. Да чарнобыльскай катастрофы сваімі моцнымі самаробнымі напоямі быў шырока вядомы Хойніцкі раён. Слава пра ягоную “карчоўку”, як тут часам называюць самагонку, прасьціралася далёка за межы рэгіёну.
Апошнім часам легальныя міні-заводзікі можна пабачыць хіба што ў Калінкавіцкім раёне — у вёсцы Аўцюкі на сьвяце гумару.
Але традыцыі самагонаварэньня засталіся — людзі цішком гоняць самагонку і на сьвяты, і на ўласныя патрэбы. Як? Апавядае спадар Васіль з Чачэрскага раёну:
Бярэш вялікі чыгунок, літраў на пятнаццаць, накрыўка на яго з прамой трубой, лядоўня — і ўся адгонка ...
“Прарошчанае жыта, бульба й кіляграм цукру — гэта атрымліваецца хлебная самагонка. Жыта прарошчваюць. Калі яно толькі прарасло, яго таўкуць у ступе. А пасьля з варанай бульбай у бочцы замешваюць. І яна пачынае брадзіць. Самым простым спосабам можна выгнаць яе ў хаце. Бярэш вялікі чыгунок, літраў на пятнаццаць, накрыўка на яго з прамой трубой, лядоўня — і ўся адгонка. Яна атрымліваецца мяккая, ня надта моцная, але хмельная. “Чыгуноўка!”
“Бацька гнаў “хлебную”, а я — “цукроўку”
Больш цывілізаваны спосаб атрыманьня — у лесе на стацыянарных апаратах:
“Самагонныя заводзікі стаяць у лесе. Там галоўнае, каб вада была — ад рэчкі недалёка, і дровы. У такім апараце найважнейшая частка — сухапарнік, маленькі такі камбінацік. Самагонка атрымліваецца практычна чыстая — там ачышчаецца ад сівушных алеяў. Пяршак атрымліваецца 80—90 градусаў моцы. Шклянкамі яго ўжо ня п’юць, а кілішкамі”.
Спадар Рыгор гнаць самагон навучыўся на Веткаўшчыне, адкуль паходзяць ягоныя бацькі:
“Самагонку раней лепшую гналі. Мой бацька рабіў хлебную, а я ўжо — з цукру. Цукроўку! Калі я раблю для сябе, то раблю зь якасных прадуктаў. Магу дадаць варэньня, хлеба, аўсянкі, каб была крыху мякчэйшая. Цяпер я ня ведаю, хто яшчэ робіць хлебную. Раней хлебная была надзвычай хмельнай. Хлебная раней была такая: галава цяміць, а падняцца ня можаш. Нармальная самагонка”.
“Самагонку, настоеную на травах, п’еш з душою”
Гамяльчук Іван кажа, што і ў горадзе людзі гоняць самагонку. Цяпер, вядома, радзей, чымсьці, скажам, пры Гарбачове, але гоняць. Найчасьцей — для сябе:
Калі чалавек гоніць, ён зробіць для сябе на травах. П’еш яе з душою. Як лекі для сябе робяць...
“Калі чалавек гоніць, ён зробіць для сябе на травах. П’еш яе з душою. Як лекі для сябе робяць. Каб не хадзіць па крамах, не шукаць, а прыйсьці й ад стомы чарачку выпіць. Для здароўя! Такая самагонка карысная, калі яна настоеная на травах, на баярышніку ці яшчэ на чым. Ад добрага самагону й добра сябе пачуваеш”.