Сямашка і Пачобут: чаканьні ад камісіі

Станіслаў Сямашка не пускаюць на сход мясцовага аддзелу Саюзу палякаў у Івянцы

Старшыня афіцыйнага Саюзу палякаў Беларусі Станіслаў Сямашка сказаў, што праца польска-беларускай групы экспэртаў, якая ўзгодніць шляхі вырашэньня канфлікту вакол Саюзу палякаў Беларусі, патрэбная.
«Час іх прымусіць правільна мысьліць, рэальна ацаніць сытуацыю. На абгрунтаваных фактах будзе паказана, дзе якія ёсьць парушэньні, ці ёсьць яны, гэтыя парушэньні. І абавязкова гэтая камісія павінна ўбачыць працаздольнасьць легальнага Саюзу палякаў Беларусі. Мы ім пакажам і раскажам, як гэта ў жыцьці. Укажам памылкі, асабліва Борыскага боку, адносна няўезду іх жа, нашых грамадзянаў, палякаў».

Паводле спадара Сямашкі, у склад камісіі павінны ўваходзіць і прадстаўнікі Саюзу палякаў Беларусі, бо «ён адстойвае інтарэсы ўсіх палякаў Рэспублікі Беларусь».

Андрэй Пачобут
Актывіст неафіцыйнага Саюзу палякаў Анджэй Пачобут сказаў, што камісія будзе весьці размову пра тое, як выйсьці з сытуацыі, у якой апынулася аб’яднаньне.

«Мы спадзяемся, што вынікам працы гэтай камісіі будзе легалізацыя дзейнасьці Саюзу палякаў і што Дамы польскія пачнуць займацца культурна-асьветніцкай працай, дзеля якой былі пабудаваныя. А не камэрцыйнай працай на карысьць нейкіх людзей, якія там цяпер знаходзяцца.

Што да атмасфэры, у якой давядзецца працаваць камісіі, то дзеяньні беларускага боку ня сьведчаць пра гатоўнасьць Аляксандра Лукашэнкі выканаць свае абяцаньні. Цяпер на тэрыторыі краіны адбываецца вялікая прапагандысцкая акцыя, складаюцца сьпісы палякаў, якія працуюць на дзяржаўных прадпрыемствах і ўстановах. І іх супрацоўнікі ідэалягічных аддзелаў прымушаюць падпісваць ліст да ўраду Польшчы. Я разумею, што гэта адбываецца ў рамках падрыхтоўкі беларускіх уладаў да гэтых перамоваў. Асабліва там уражваюць заявы, што ўсе Дамы польскія дзейнічаюць, а гэта непрыхаваная хлусьня. Там наогул усё ў гэтым лісьце хлусьня. Але ўсіх гэтых людзей прымушаюць пісаць, што Дамы польскія дзейнічаюць. Маўляў, праблемы з маёмасьцю няма, і ўлады такім чынам адразу перакрэсьліваюць вось гэтае пытаньне».