Калі я даведалася, што КДБ арыштаваў сьледчую па асабліва важных справах Генэральнай пракуратуры Сьвятлану Байкову, мне адразу згадалася гісторыя дзесяцігадовай даўніны. калі мяне дапытвала Сьвятлана Байкова.
Я тады працавала ў незалежнай газэце “Народная воля”. Узімку 2000-га я пазнаёмілася з людзьмі, якія бачылі, як выкрадалі Юрыя Захаранку. Гэта муж і жонка, яны жылі ў доме, побач зь якім як раз праходзіла тая дарога, па якой ад стаянкі ля пажарнай часткі да сваёй кватэры на вуліцы Варанянскага ішоў 7 траўня 1999 году былы міністар унутраных справаў Юры Захаранка. Гэтыя людзі бачылі з акна, як да вусатага мужчыны падышлі двое мужчын і запіхнулі ў машыну цёмна-сіняга колеру. Ён нешта пасьпеў крыкнуць, але дзьверы зачыніліся. Калі стала вядома пра зьнікненьне генэрала Захаранкі, гэтыя людзі здагадаліся, каго ў той вечар запіхвалі ў машыну.
Дазнаўшыся, што я працую ў незалежнай газэце, яны паведалі мне гэтую гісторыю. Увесь досьвед іхняга жыцьця падказваў маім знаёмым, што зварот у міліцыю не прынясе ім нічога добрага. У справядлівасьць праваахоўных органаў яны ня верылі. І я тады на сваю адказнасьць надрукавала ў “Народнай волі” інтэрвію з гэтымі людзьмі, не назваўшы іх імёнаў, бо яны хацелі захаваць ананімнасьць. Фотакарэспандэнт зьняў дом, з вокнаў якога сьведкі бачылі выкраданьне Захаранкі.
Публікацыя зьявілася на старонках “Народнай волі” напачатку студзеня 2000 году. Літаральна праз некалькі дзён мне патэлефанавала сьледчая пракуратуры Сьвятлана Байкова і папрасіла прыйсьці на допыт у рамках заведзенай справы па зьнікненьні Юрыя Захаранкі.
Мяне сустрэла маладая энэргічная жанчына ў пракурорскім мундзіры з добрай фрызурай і ў прыгожым абутку. Яна ветліва патлумачыла, што хоча дапытаць як сьведак людзей, якія бачылі, як выкрадалі Захаранку.Тады ж Сьвятлана Байкова сказала мне, што яны не адзіныя сьведкі выкраданьня, былі і іншыя, каго ўжо дапыталі ў гэтай справе. І тое, што яна прачытала ў маім інтэрвію, амаль цалкам супадала з паказаньнямі іншых сьведкаў.
Мае знаёмыя пагадзіліся прайсьці ў пракуратуру, я дала іх каардынаты, аднак іх выклікалі да Байковай не адразу ж, а праз пэўны час. Іх паказаньні былі ўнесеныя ў справу. Як мне пазьней расказалі, Сьвятлана Байкова зрабіла на іх добрае ўражаньне, і ім падалося нават, што яна хоча і можа раскрыць гэтую справу. Але іх больш не выклікалі...
Справа зьнікненьня Юрыя Захаранкі не раскрытая. У Сьвятланы Байковай гэтую справу забралі. Мне падаецца, яна шмат чаго ведае і можа расказаць ня толькі пра справу Юрыя Захаранкі…
Але ці захоча?
Ці пасьпее?
Ці зможа?