Шыльда свабоды
Менск, вуліца Жукоўскага, 9
У гэтым доме ў 1990-я гады жыў апазыцыйны палітык Юры Захаранка, які 7 траўня 1999 году быў выкрадзены непадалёк адсюль. Далейшы ягоны лёс невядомы.
У гэтым доме ў 1990-я гады жыў апазыцыйны палітык Юры Захаранка, які 7 траўня 1999 году быў выкрадзены непадалёк адсюль. Далейшы ягоны лёс невядомы.
Хто стаіць за гэтым выкраданьнем і каму замінаў апазыцыйны палітык? Найбольш пашыранае ў дэмакратычных колах меркаваньне падае Аляксандар Дабравольскі, партыйны паплечнік Юр’я Захаранкі:
«Захаранка быў адным зь нямногіх людзей, якія маглі б стварыць рэальную канкурэнцыю Лукашэнку ня столькі нават на выбарах, бо там магчымыя маніпуляцыі, колькі ў барацьбе за сымпатыі людзей, таму што ён быў ня менш, а нават больш харызматычным чалавекам, чым Лукашэнка. Гэта быў генэрал, чалавек, якога вельмі паважалі ў праваахоўных органах. І гэта чалавек быў рашучы, у пэўнай ступені вельмі таленавіты ў камунікацыях зь людзьмі. Тое, што былі людзі, якія баяліся, што прыйдзе Захаранка, і вызначыла ягоны лёс. Ён мог бы прэтэндаваць на прэзыдэнта».
Тады найбольш рэальным кандыдатам на прэзыдэнта ад апазыцыі лічыўся ўсё ж Генадзь Карпенка, а Юры Захаранка меўся ўзмацніць ягоныя пазыцыі. Але пасьля сьмерці Карпенкі небясьпечнымі рабіліся ўжо Юры Захаранка і Віктар Ганчар. Захаранку выкралі празь месяц, Ганчара — празь пяць.
Юр’ю Захаранку ішоў толькі 48-ы год. А за сьпінай была імклівая кар’ера. Ён быў у камандзе, якая ў 1994 годзе прывяла да ўлады Аляксандра Лукашэнку. Падзякай стала крэсла міністра ўнутраных спраў. Але праз год прэзыдэнт адпомсьціў генэралу за непаслухмянасьць звальненьнем.
Юры Захаранка становіцца ў жорсткую апазыцыю — уступае ў Аб’яднаную грамадзянскую партыю, стварае Саюз афіцэраў. Улады відавочна напалоханыя: уплывовы генэрал, які яшчэ нядаўна сам аддаваў загады на разгон апазыцыйных акцыяў, цяпер актыўна ў іх удзельнічае. І заўсёды побач з Генадзем Карпенкам. У 1999 годзе Захаранка падтрымлівае ініцыятыву альтэрнатыўных прэзыдэнцкіх выбараў і ўваходзіць у каманду былога прэм’ер-міністра Міхаіла Чыгіра.
Праваабаронцы, апазыцыйныя палітыкі, дэмакратычныя актывісты ўжо дзесяць гадоў патрабуюць ад улады праўды: дзе Юры Захаранка? А старэнькая маці, якая ня бачыла сына ў труне, ня верыць у ягоную сьмерць і чакае, што ён вось раптам прыйдзе.