Уладзімер Лобач – пра найлепшыя кнігі пра міты

Уладзімер Лобач

Наш сёньняшні экспэрт – гісторык і этнакультуроляг Уладзімер Лобач, абгрунтоўваючы тэму свайго прыватнага рэйтынгу, напісаў: “Міт, калі яго ня блытаць з прадукцыяй сучасных мас-медыя, з’яўляецца выключнай праўдай для ягоных носьбітаў і спажыўцоў. Ён не патрабуе доказаў, не вымагае навуковай верыфікацыі і літаратурнай крытыкі, бо прымаецца на веру, і сам, у значнай ступені, ёсьць гэтаю верай. Ніхто ўжо і ня скажа, хто першы пусьціў міты ў сьвет: багі ці людзі, што былі роўныя багам. Але істотным стае іншае – краіна, што страціла свае міты, - мёртвая краіна. І цяпер ты ведаеш сэнс сцьвярджальнага “Жыве Беларусь!”


Эрнст Ляўкоў, “Маўклівыя сьведкі мінуўшчыны”. Менск, 1992


Камяні для беларусаў азначаюць куды больш, чым расходны матэрыял для брукаванак ці печак-каменак у лазьні. У касмалягічнай легендзе менавіта камень становіцца сымбалічнай кропкай адліку, міталягічным цэнтрам, вакол якога паўстае і разгортваецца наш беларускі сьвет. Сьвятыя, Богавы, Чортавы, Зьмеявы, са сьлядамі Божай Маці, прарокаў і сьвятых – сотні культавых камянёў і каменных крыжоў маўкліва сьведчаць, што, дзе б ты ня быў на нашай зямлі – у маленькай падзьвінскай вёсачцы ці на беразе Прыпяці, ты ўсё адно знаходзішся ў Цэнтры Сусьвету.

Адзін з літаратурных герояў Рэмарка запытаўся ў свайго сябра: “Ці праўда, што камяні жывыя?” “Шчырая праўда, - адказаў яму сябра, - бо жывуць яны вечна”. Станоўча на тое ж самае пытаньне, але адносна беларускіх камянёў, адказвае і кніга прафэсійнага геоляга і апантанага краязнаўцы Эрнста Ляўкова.

Эдвард Зайкоўскі, Людміла Дучыц, “Жыватворныя крыніцы Беларусі”. Менск, 2003


Турыстычнае вызначэньне “Беларусь – краіна азёраў” прызначана, збольшага, для гасьцей, што шукаюць маляўнічых куткоў для адпачынку і рыбалкі. Але кожны тутэйшы жыхар ведае і іншую праўду: Беларусь – краіна сьвятых крыніц. Праўда гэтая не афішуецца, бо прызначана выключна для сваіх, як і любы міт. І штогод на Вадохрышча, Вялікдзень, Ушэсьце, Барыса і Глеба, Тройцу, Купалу… на Вушаччыне, Полаччыне, Вялейшчыне, Слонімшчыне ці Случчыне сотні людзей зьбіраюцца ля сьвятых крыніц, каб змыць з сябе хваробы, псоту, чмур і прычасьціцца жыцьцядайнай энэргіяй.

Жывы, крыштальна чысты міт, што бруіць з падзем’я, заўсёды лепш, чым змуляная газэтамі праўда. Таму, прачытаўшы кнігу пра жыватворныя крыніцы Беларусі, спраўдзі міт ля сьвятой вады.




Тацяна Валодзіна, “Сэмантыка рэчаў у духоўнай спадчыне беларусаў”. Менск, 1999


Калі міты жывыя і жывуць у сьвядомасьці людзей, як вобраз сьвету і спосаб паводзінаў у ім, то іх немагчыма знайсьці на кніжных паліцах у выглядзе асобнага томіка, кшталту “Грэцкай міталёгіі”. Жывыя міты хаваюцца ў бясконцай множнасьці таго, што названа сучасным рокерам “простыя словы, простыя рэчы”. Грэбень, нож, іголка, гаршчок, лыжка, люстра, кашуля, шапка, абутак… Мы нават не здагадваемся, што рэчы, якія мы выкарыстоўваем па іх утылітарным прызначэньні, для нашых дзядоў і бабуль несьлі ў сабе і вышэйшыя, сымбалічныя сэнсы.

Як пярсьцёнак можа пазбавіць ад хваробы, а лыжка прадказаць лёс, чаму мужчыне нельга выходзіць у людзі бяз паса, а жанчыне з непакрытай галавой, навошта бабку-павітуху катаюць на баране, а люстра завешваюць, калі памірае чалавек? На гэтыя і мноства іншых пытаньняў адказвае вядомая фальклярыстка і этнакультуроляг Тацяна Валодзіна ў сваёй цікавай кнізе, якая даўно стала сапраўдным бэстсэлерам і справядліва чакае на перавыданьне.

“Белорусский эротический фольклор» / Изд. под. Т.В. Володина, А.С. Федосик/. Масква, 2006.


Міталагічны сьвет наскрозь мэтафарычны. Дом можа ўвасабляць Сусьвет, гаршчок – галаву чалавека, а таўкач… У гэтым сэнсе сэксуальныя паводзіны чалавека і адносіны паміж паламі маюць выразную касьмічную праекцыю. Мужчына апладняе жанчыну гэткім жа самым чынам, як неба апладняе зямлю. Адсюль і гаспадар, што заворвае сваё поле без нагавіцаў, ня ёсьць банальным эксгібіцыяністам, але рытуальным саўдзельнікам чарговага вітка касмагоніі. Не выпадкова, што эратычная сымболіка найперш выяўляецца ў абрадавых жанрах беларускага фальклёру: радзінных, вясельных, купальскіх, калядных песьнях і “цярэшках”. Разам з тым, аматарам эротыкі ў фармаце “Эмануэль” зборнік можа паказацца малацікавым, бо беларускі эратычны фальклёр, перадусім, вызначаецца дасьціпнай і арганічнай сымболікай і пазбаўлены брутальных літаральных прачытаньняў.



Санько Сяргей і інш. “Беларуская міталёгія. Энцыкляпэдычны Слоўнік”. Менск, 2006


Энцыкляпэдычны фармат заўсёды вымагае шырыні ахопу заяўленай праблематыкі, але пры гэтым, ляканічнасьці і даходлівасьці фармулёвак і тлумачэньняў. Гэтым патрабаваньням выдатна адпавядае калектыўнае выданьне, у працы над якім узяла ўдзел шырокае кола адмыслоўцаў: этнолягаў, фальклярыстаў, этнакультуролягаў і археолягаў. Артыкулы слоўніка рэпрэзэнтуюць чытачу, як прафэсіяналу так і аматару, мітапаэтычную карціну сьвету беларусаў ва ўсёй яе разнастайнасьці і багацьці вобразаў. Птушкі і зьвяры, сузор’і і астранамічныя з’явы, часткі цела і элемэнты ляндшафту, стравы, рэчы і ўласна міталягічныя пэрсанажы, прадстаўленыя на старонках кнігі, дазваляюць зірнуць на сьвет вачыма нашых продкаў, каб зразумець, у чым яны бачылі касьмічную гармонію і парадак.