30-гадовы беларускі фрыстайліст Аляксей Грышын заняў першае месца ў фінале алімпійскіх спаборніцтваў ванкувэрскай Алімпіяды. Гэта першы залаты мэдаль беларускіх спартоўцаў за час выступленьня на зімовых Алімпійскіх гульнях самастойнай камандай.
Вынікі беларускіх спартоўцаў на Алімпіядзе ў ранішнім эфіры "Свабоды" падсумоўвае Ўладзімер Глод.
СЛУХАЦЬ:
Па суме двух скачкоў Грышын набраў 248,41 бала. "Серабро" атрымаў амэрыканец Джэрэт Петэрсан (247,21), "бронзу" — кітаец Лю Чжунцын (242,53). Цімафей Слівец заняў дзевятае месца (225,58), Дзмітрый Дашчынскі — 11-е (215,68) сярод 12 удзельнікаў.
Пасьля першай спробы Грышын быў другім (120,58), Слівец — шостым (115,84), Дашчынскі — 12-м (86,95). У другім скачку Дашчынскі паказаў другі вынік (128,73), Грышын — чацвёрты (127,83), Слівец — 12-ы (109,74).
На Алімпіядзе-2002 у Солт-Лейк-Сіці Грышын заваяваў бронзавы мэдаль, а праз чатыры гады ў Турыне быў чацьвертым. Дашчынскі зьяўляецца бронзавым прызёрам АГ-1998 і сярэбраным — АГ-2006.
У адпаведнасьці з указам Аляксандра Лукашэнкі ад № 636 ад 27 кастрычніка 2006 года "Аб некаторых захадах па падрыхтоўцы беларускіх спартоўцаў да Алімпійскіх гульняў 2008 і 2010 гадоў" Аляксей Грышын атрымае за "золата" 100 тысячаў даляраў ЗША, паведамляе БелаПАН.
За час выступленьня на зімовых Алімпійскіх гульнях самастойнай камандай беларускія спартоўцы яшчэ ніводнага разу не заваёўвалі больш двух мэдалёў. У 1994 годзе ў Лілехамеры было два "срэбра", у 1998-м у Нагана — дзьве "бронзы", у 2002-м у Солт-Лейк-Сіці — адна "бронза", у 2006-м у Турыне — адно "срэбра".
У Ванкувэры на рахунку прадстаўнікоў Беларусі тры мэдалі — залаты, сярэбраны (Сяргей Новікаў, біятлён) і бронзавы (Дар'я Дамрачова, біятлон).
Пасьля перамогі Грышына ў агульным мэдальным заліку Беларусь паднялася з 23-га на 15-е месца, якое дзеліць са Славакіяй. Лідзіруюць ЗША (8, 12, 12), Нямеччына (8, 11, 8) і Канада (8, 6, 2).