Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Толькі мая Алімпіяда. Ірына і Валянцін Новікавы


Сяргей Новікаў
Сяргей Новікаў

Алімпіяда ў Ванкувэры набліжаецца да свайго лягічнага завяршэньня. Для адных яна заканчваецца трыюмфальна, іншыя рыхтуюцца да “разбору палётаў” на радзіме. У беларусаў яшчэ застаецца тэарэтычны шанец скокнуць вышэй за галаву падчас заўтрашніх спаборніцтваў фрыстайлістаў. Пакуль жа трэба задавольвацца двума ўзнагародамі, здабытымі біятляністамі Дар’яй Домрачавай і Сяргеем Новікавым.

І калі з Домрачавай пэўныя спадзяваньні зьвязваліся, то Новікаў ні ў якія мэдалёвыя пляны не ўваходзіў. Дагэтуль ягоны лепшы асабісты вынік – 9-е месца на этапе Кубку сьвету.

Цяпер 30-гадовы Сяргей Новікаў – фактычна нацыянальны герой для родных Чавусаў, дзе ён упершыню і стаў на лыжню. Ягоныя бацькі -- Ірына і Валянцін Новікавы – дагэтуль ня могуць прыйсьці ў сябе ад спартовага подзьвігу сына. Маці, Ірына Іванаўна Новікава, цяпер на пэнсіі, да спорту ніякага дачыненьня ня мела. Аднак дзякуючы Сяргею гатовая сядзець ля тэлевізару да глыбокай ночы.

“Шчыра скажу, у нас упэўненасьці ў ягонай перамозе не было. Думалі, добра будзе, калі ў дзясятку трапіць. Але тое, што ён замахнецца на срэбны мэдаль – такога адчуваньня неяк не было”.

Карэспандэнт: “У такім выпадку якая была Ваша першая рэакцыя?”

“Калі ўжо перамог? Канечне, радасьць вялізная, канца і краю не было шчасьцю бачна. Дужа рады мы былі”.

Карэспандэнт: “Сяргей званіў Вам пасьля выступу?”

“Так, тэлефанаваў. Замучаны, канечне. Ня толькі ад выступу, але ад журналістаў, інтэрвію – для яго ж усё гэта ўпершыню. Такія нагрузкі ды спаборніцтвы! Стомлены, натуральна. Але вельмі радасны, задаволены!”

Карэспандэнт: “Я ведаю, што бацька Сяргея дагэтуль зьвязаны са спортам. А Вы нейкае дачыненьне да спорту мелі?”

“Так, муж працуе ў спартовай школе ў Чавусах трэнэрам. А я – не, ніколі нічога агульнага нямела. Цяпер я увогуле на пэнсіі”.

Сваю перамогу Сяргей Новікаваў можа сьмела падзяліць з бацькам. Валянцін Фёдаравіч Новікаў асабіста прывёў сына ў біятлён ў сярэдзіне 1980-х:

“Я, канечне, а хто ж яшчэ? Ён быў тады яшчэ ў сёмай клясе. Гэта дзесьці 1986-87-ы гады. Дарэчы, такой папулярнасьці ў біятлёна яшчэ не было, таму нават цяжка было прадбачыць, што ён так раскруціцца. Дарэчы, я таксама майстар спорту па біятлёне, яшчэ за часамі Савецкага Саюзу. Вось такім чынам па маіх кроках ён і пайшоў”.

Карэспандэнт: “То бок, біятлённая школа ў Чавусах адносна нядрэнная?”

“Школа і зараз на добрым рахунку, ёсьць хлопцы вельмі таленавітыя…”

Карэспандэнт: “Ваша жонка сказала, што ў посьпех сына адпачатку ня вельмі верыла…”

“Пасьля першых гонак асаблівых спадзяваньняў сапраўды не было, калі ён быў 40-ы, 20-ы. Але не выключаў, што ў дзясятку ўрэшце трапіць – калі стральба пойдзе. І праўда, пайшла стральба, а зь ёй – і вынік”.

Карэспандэнт: “Вы ўжо асэнсавалі, што ня толькі Сяргей, але і ўся ваша сям’я ўпісаная ў гісторыю беларускага спорту?”

“Яшчэ можа не зусім асэнсавалі, але нейкае такое адчуваньне ёсьць. Задаволеныя, канечне, усё як мае быць. Нам ужо сказалі, што арганізуюць ягоную сустрэчу па вышэйшым разрадзе…”

Карэспандэнт: “У Чавусах, на радзіме?”

“У Чавусах – тут пытаньняў няма, але ў менскім аэрапорце хочуць ганаровую сустрэчу наладзіць”.

Карэспандэнт: “Але для Чавусаў Сяргей практычна ўжо нацыянальны герой”.


“Так, гэта праўда. Адкуль толькі не тэлефануюць. І з Мурманску мае былыя вучні тэлефануюць, і трэнэр мой былы нават званіў Ўладзімер Барадзей, таксама віншаваў. Тэлефанаваньняў процьма. Толькі нядаўна напруга крыху спала, усё ж тыдзень ўжо мінуў. Але нагода ўсё роўна прыемная”.

Карэспандэнт: “Лішні раз віншуем Вас і мы. Дзякуй за віцэ-чэмпіёна!”.

“Дзякуй, дзякуй усім вялікі!”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG