24 лютага споўнілася тры чвэрці стагодзьдзя народнаму паэту Беларусі Рыгору Барадуліну. Свой юбілей ён сустракае ў шпіталі. Зычым дзядзьку Рыгору здароўя і новых кніг, выказваем падзяку за шматлікія інтэрвію, камэнтары для слухачоў і чытачоў “Свабоды”.
Рыгор Барадулін: фота жыцьця
“Паэзія Барадуліна – чыстай красы Боская паэзія беларусаў, крыніца нацыянальнага натхненьня, складнік яе спрадвечнага духоўнага набытку. Тое асабліва адчувальна, калі апынуцца ў расстаньні зь ёю...” – пісаў Васіль Быкаў, які называў Рыгора Барадуліна сваім найбліжэйшым сябрам. Блізкае сяброўства зьвязвала Барадуліна і з Уладзімерам Караткевічам.
Онлайн-канфэрэнцыя з Рыгорам Барадуліным на сайце "Свабоды"
“Без беларускай мовы ня можа быць поўнацэннай беларускай дзяржавы. З расейскай мовай гэта будзе вобласьць Расеі, зноў той самы Северо-западный край. Гэта як бы нямко, што завецца прамоўцам”.
Рыгор Барадулін у “Вольнай студыі” “Свабоды”
“Жаданьне жыць у хлусьні ад стойлавага ўтрыманьня народу. Беларусаў дзьвесьце гадоў трымала ў стойле Расея. Вынішчаная была эліта беларуская. А Беларусь — гэта цемя Эўропы, таму заўсёды б’юць па цемені. Ня б’юць па пятках, ня б’юць па азадку, а б’юць па цемені, каб выбіць розум. А тады — у стойла, і праўда ня трэба. Да таго ж, праўда вочы коле. А хлусьня — салодкая, яна амаль датыкаецца да мары. І калі хлусьню, як ін'екцыю, увесьці ў мару, то хлусьня стане марай”.
Рыгор Барадулін у перадачы “Дом літаратара”
“Усе гады, пражытыя ў Менску, я лічу сваёй камандзіроўкай. І кладуся спаць, і ўстаю – у думках я ва Ўшачы. І лета, і маладую, і старую восень я правёў ва Ўшачы. Жартую, што я быў у ГПУ – гарадзкім пасёлку Ўшачы. Значыць,. Так што, і ў ГПУ можна працаваць, пісаць вершы. Мой працоўны стол ва ўшацкай хаце – на падстрэшшы, на паддашшы. І там толькі я магу працаваць. Там само паветра беларускае”.Рыгор Барадулін – Грамадзкі рэдактар “Свабоды”
“Будуць часам ідалы раструшчаны,Сьвет разумны стоміцца ад крыкаў.
Васільком у жыце беларушчыны
Назаўсёды застанецца Быкаў”.
Рыгор Барадулін чытае свае вершы ў перадачы "Начная чытанка"
Рыгор Барадулін нарадзіўся 24 лютага 1935 году на Ўшаччыне. Скончыў філялягічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту.
Аўтар дзясяткаў кніг, сярод якіх зборнікі паэзіі “Маладзік над стэпам”, “Неруш”, “Вечальле”, “Амплітуда сьмеласьці”, “Самота паломніцтва”, “Эваньгельле ад мамы”. У 2000 годзе выдаў зборнік вершаў “Лісты ў Хэльсынкі” з малюнкамі Васіля Быкава, а ў 2003 годзе разам выйшаў сумесны з Васілём Быкавым зборнік “Калі рукаюцца душы”. У 2005 годзе ў бібліятэцы Свабоды пабачыў сьвет збор показак, эпіграмаў і эсэ “Дуліна ад Барадуліна”.
З 1988 году – член Аргкамітэту, а затым Сойму Беларускага народнага фронту. Сябра Беларускага ПЭН-цэнтру.
Рыгор Барадулін — апошні беларус, якому надалі званьне Народнага паэта (1992).
У 2006 годзе кандыдатура Барадуліна была сярод намінантаў на Нобэлеўскую прэмію ў галіне літаратуры (за зборнік вершаў «Ксты»).
Апошняя кніга Барадуліна “Перакуленае” выйшла на дзвюх мовах – расейскай і беларускай ў маскоўскім выдавецтве “Время” да 75-гадовага юбілею паэта.