Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рыгор Барадулін па-ранейшаму ў рэанімацыі


Рыгор Барадулін
Рыгор Барадулін

Народны паэт Беларусі Рыгор Барадулін па-ранейшаму знаходзіцца ў рэанімацыі лечкамісіі. Стан яго стабільны. Зь пятніцы да яго пускаюць жонку, Валянціну Міхайлаўну.

Рыгор Барадулін трапіў у лякарню 14 лютага. У мінулую нядзелю ў яго рэзка ўзьнялася тэмпэратура, хуткая дапамога даставіла народнага паэта ў лечкамісію. Яму паставілі дыягназ — двухбаковая вірусная пнэўманія. Пазьней яна ўскладнілася ацёкам лёгкага. Лекары робяць усё магчымае. Рэспубліканскі шпіталь Упраўленьня спраў прэзыдэнта забясьпечаны самымі сучаснымі і эфэктыўнымі лекамі. Сардэчны рытм паэта нармалізаваўся. Дзяжурны лекар рэанімацыйнага аддзяленьня паведаміў пра стан Рыгора Барадуліна:

«Што ня горш, гэта дакладна. 100%».

Спачатку да дзядзькі Рыгора наагул нікога не пускалі, а зь пятніцы дазволілі наведвацца жонцы, Валянціне Міхайлаўне:

«Мне далі ў пятніцу пропуск, дык я зь пятніцы ўжо тры разы ў яго была. Сёньня чацьвёрты раз пайду да яго... Ня горш стан у яго, бязь зьмен. Учора ўвечары я была ў яго, а сёньня раніцай тэлефанавала лекару, той сказаў, што сёньня тое самае — бязь зьмен».

Карэспандэнтка: «І ён па-ранейшаму ў рэанімацыі?»

«Так, у рэанімацыі. І, відаць, яшчэ доўга там прабудзе».

Настрой у паэта неблагі, ён размаўляе, нават жартуе. Уставаць з ложка лекары не дазваляюць, але крыху варушыцца прымушаюць, кажа Валянціна Міхайлаўна:

«У палаце над ложкам такая штука, падобная да мэталічнага трохвугольніка, ён за яго хапаецца і сядае. А трэба, каб ён яшчэ варушыўся, рукамі, тулавам, корпусам паварочваўся. А ён лянуецца. Дык учора ўжо сварылася на яго».

24 лютага народнаму паэту Рыгору Барадуліну споўніцца 75 гадоў. Але гэты юбілей яму давядзецца адзначаць у шпіталі. Радыё Свабода шчыра зычыць дзядзьку Рыгору хутчэй паправіцца.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG