Яшчэ да пачатку сёлетніх зімовых Алімпійскіх гульняў у Ванкувэры за допінг дыскваліфікаваныя каля 30 спартоўцаў. У цэнтры допінгавага скандалу – Расея.
Сусьветнае антыдопінгавае агенцтва вырашыла не публікаваць імёнаў і не інфармаваць пра нацыянальную прыналежнасьць зьнятых са спаборніцтваў спартоўцаў да часу, пакуль тыя не выкарыстаюць усіх магчымасьцяў апэляцыі.
Нягледзячы на ананімнасьць працэдуры, галоўная ўвага зьвернутая на Расею. Яшчэ ў панядзелак стала вядома, што прэзыдэнт Міжнароднага алімпійскага камітэту Жак Роге меў адмысловую размову зь міністрам спорту РФ Віталіем Мутком. Прычынай для звароту паслужыла надзвычайная колькасьць допінгавых скандалаў, у якіх фігуравалі расейскія спартоўцы цягам мінулага году. Толькі ў зімовых відах спорту супраць іх было заведзена 11 справаў.
Не абмежаваўшыся спартовым ведамствам, Роге правёў на гэтую тэму нараду і з прэзыдэнтам краіны Дзьмітрыем Мядзьведзевым. На патрабаваньне алімпійскага чыноўніка ўзмацніць меры для барацьбы з допінгам расейскія ўрадоўцы паабяцалі зрабіць усё магчымае.
Фігурантам першай завершанай допінгавай справы ў Ванкувэры стала таксама расейская спартоўка. Гульцу жаночай хакейнай зборнай Сьвятлане Цярэнцьевай было вынесена папярэджаньне за недазволенае хімічнае рэчыва ва ўжываным ёю аэразольным прэпараце для носа. Парушэньне не адносіцца да цяжкіх, але, калі б яно было выяўлена падчас спаборніцтваў, дыскваліфікацыя была б непазьбежнай.
Асаблівую заклапочанасьць МАК выклікала тое, што адразу пасьля завяршэньня ванкувэрскіх Гульняў Расея мае пераняць алімпійскую паходню для наступнай зімовай алімпіяды ў Сочы ў 2014-м годзе.