У Івянцы на ганку Дому польскага гучаць сьпевы пад міліцэйскім наглядам

Польскі дом у Івянцы

8 лютага ўдзень міліцыянты занялі Дом польскі ў Івянцы. Яго кіраўніцтва падтрымлівала Анжаліку Борыс, яе Саюз палякаў, не прызнаваны ўладамі. Усіх яе прыхільнікаў вывелі на вуліцу і больш унутр нікога не пусьцілі.
На ганку будынку і побач увечары сабраліся каля пяцідзесяці польскіх актывістаў, яны сьпявалі патрыятычныя песьні на польскай мове. У Івянец прыехала Анжаліка Борыс, машыну, у якой яна ехала, двойчы затрымлівалі на дарозе з Горадні, адкуль да Івянца больш за дзьвесьце кілямэтраў.

На месца падзеі трапіў таксама Андрэй Пачобут — кіраўнік Галоўнай рады Саюзу палякаў, паплечнік Борыс. Па яго словах, каля Дому польскага міліцыянты і супрацоўнікі спэцслужбаў. Ён таксама сказаў, што з Горадні ў Івянец накіраваліся іншыя актывісты польскага руху.

Пяць актывістаў Саюзу палякаў з Горадні, якія накіроўваліся ў Івянец, былі спынены па дарозе. Міліцыянты сказалі, што яны нібыта ехалі на скрадзенай машыне, пасьля чаго гарадзенцаў даставілі ў райцэнтар Валожын у райаддзел міліцыі.
Таго, што міліцыянты зоймуць Дом польскі, чакалі, да гэтага рыхтаваліся паплечнікі Анжалікі Борыс у Івянцы. Але, мяркуючы па ўсім, улады вырашылі не сьпяшацца, счакаць. Раней кіраўнік праўладнага Саюзу палякаў Станіслаў Сямашка даслаў зь Горадні ў Івянец ліст, у якім сказаў вызваліць будынак, паколькі лічыць яго сваім, прыналежным праўладнаму Саюзу. Наколькі вядома, ён таксама назваў тэрміны — вызваліць Дом польскі абавязаныя былі празь дзесяць дзён, але міліцыя актыўныя дзеяньні адклала яшчэ на некалькі дзён.

Як атрымалася, што ў івянецкім Доме польскім заставаліся паплечнікі Анжалікі Борыс? Яго дырэктарка Тэрэса Собаль зазначала, што івянецкія палякі не прызналі рашэньня міністэрства юстыцыі скасаваць пяць гадоў таму вынікі зьезду Саюзу палякаў, на якім была абрана кіраўніком Саюзу Анжаліка Борыс. Для паплечнікаў Борыс таксама было вялікай сатысфакцыяй, што іх працягваюць падтрымліваць у некаторых мясьцінах. Улады доўга не прадпрымалі ніякіх дзеяньняў супраць «вольналюбных» івянецкіх палякаў. Аднак з год таму Дом польскі пачалі рэгулярна наведваць праверкі, месяц таму супраць Тэрэсы Собаль распачалі крымінальную справу, а рада праўладнага Саюзу палякаў выключыла яе з шэрагаў арганізацыі. Яны абгрунтавалі гэта наступным чынам: спадарыня Собаль працягвала карыстацца дакумэнтамі і пячаткай праўладнага Саюзу, падпісвала ад яго імя фінансавыя дакумэнты. Маўляў, цяпер яна выключана з шэрагаў і пазбаўлена такога права, а значыцца павінна перадаць справы людзям Сямашкі.