Ці прыйдуць у Беларусь замежныя інвэстыцыі?

Прэм’ер Беларусі Сяргей Сідорскі заявіў, што сёлета ў эканоміку Беларусі плянуецца прыцягнуць каля 6 млрд. замежных інвэстыцый. Навошта Беларусі замежны капітал? Ці рэальна выканаць гэтыя пляны? Ці выдзеліць МВФ новыя крэдыты Беларусі?
Удзельнікі: эканаміст Леанід Злотнікаў і экспэрт Інстытуту прыватызацыі і мэнэджмэнту Зьміцер Крук.

Леанід Злотнікаў
Зьміцер Крук
Валер Карбалевіч

Навошта Беларусі замежны капітал?


Валер Карбалевіч: «Апошнім часам высокія беларускія чыноўнікі ўсё часьцей кажуць пра неабходнасьць прыцягненьня замежных інвэстыцый. Прэм’ер Беларусі Сяргей Сідорскі заявіў, што гэтым годам у эканоміку Беларусі плянуецца прыцягнуць каля 6 млрд. даляраў замежных інвэстыцый, прычым палову зь іх (3 млрд. даляраў) маюць скласьці прамыя інвэстыцыі. Кіраўнік Нацыянальнага банку Пётар Пракаповіч адзначыў, што прамыя інвэстыцыі неабходныя дзеля ўтрыманьня стабільнага курсу беларускага рубля і папаўненьня золатавалютных рэзэрваў. Але беларускія ўлады шмат разоў заяўлялі, што крызіс скончыўся і эканоміка ідзе на ўздым. Навошта Беларусі замежныя інвэстыцыі?»

Леанід Злотнікаў: «Па-першае, яны патрэбныя, каб павысіць канкурэнтаздольнасьць нашых прадпрыемстваў. У 2008 годзе была абвешчана праграма інавацыйнага разьвіцьця за кошт прыцягненьня замежных інвэстыцый. Бо сваіх інвэстыцый для гэтай задачы няма. Па-другое, з замежнымі інвэстыцыямі прыходзяць сучасныя інвэстыцыі».

Зьміцер Крук: «Замежныя інвэстыцыі — гэта галоўны чыньнік мадэрнізацыі краіны. Але калі казаць пра сёньня, то замежныя інвэстыцыі — гэта крыніца фінансаваньня бягучага рахунку плацёжнага балянсу і чыньнік эканамічнага росту».

Рэальнасьць ці ўтопія?


Карбалевіч: «Ці рэальна выканаць гэтыя пляны па прыцягненьні замежных інвэстыцый?»

Злотнікаў: «За дзевяць месяцаў мінулага году ў эканоміку Беларусі прыцягнуты 5 мільярдаў даляраў валавых замежных інвэстыцый, а прамых інвэстыцый — 1,2 мільярда. Таму мяркую, што ня ўдасца прыцягнуць прамых інвэстыцый сёлета ў памеры 3 мільярдаў. Па-першае, таму, што ў сьвеце прыцягненьне замежных інвэстыцый за мінулы год зьнізілася на 40%. А сёлета не чакаецца вялікага росту сусьветнай эканомікі.

У Беларусі яшчэ ня створаныя спрыяльныя ўмовы, каб сюды ішлі інвэстыцыі.
А па-другое, у Беларусі яшчэ ня створаныя спрыяльныя ўмовы, каб сюды ішлі інвэстыцыі. Нават калі ўзяць толькі прамыя інвэстыцыі за мінулы год, дык толькі 300-400 мільёнаў даляраў пайшлі ў вытворчасьць».

Крук: «Калі казаць пра суму 6 мільярдаў даляраў замежных інвэстыцый, то яна рэальная. А калі казаць пра плянаваны аб’ём прамых інвэстыцый, то, сапраўды, ёсьць сумневы. Але гэтыя сумневы могуць быць парушаны адной вялікай прыватызацыйнай угодай. Ідзе гаворка пра продаж „Нафтану“, Белінвэстбанку, мінарытарных пакетаў Беларусбанку і Белаграпрамбанку.

Іншае пытаньне, якая доля гэтых інвэстыцый будзе скіравана ў асноўны капітал. Фокус праблемы павінен пераносіцца з пытаньня, ці гэта прамыя інвэстыцыі альбо крэдыты, на пытаньне, ці ідуць грошы ў асноўны капітал, на інвэстыцыйныя праекты».

Дачыненьні з МВФ


Карбалевіч: «З досьведу папярэдніх гадоў вядома, што асноўная частка замежных інвэстыцый прыходзіць у выглядзе крэдытаў. У 2009 годзе асноўным крэдыторам быў Міжнародны валютны фонд. На пачатку году афіцыйныя асобы заяўлялі, што сёлета крэдыты ў МВФ браць ня будзем. Але апошнімі днямі сытуацыя памянялася. І Пракаповіч, і Сідорскі заявілі, што адновяць перамовы з МВФ аб крэдытах. Пры гэтым спасылаюцца на новыя неспрыяльныя ўмовы паставак расейскай нафты. А чаму МВФ так ахвотна адгукаецца на просьбы — пры тым, што Беларусь не выконвае ўмовы, якія выстаўляе фонд?»

Злотнікаў: «Дапамога МВФ — гэта пытаньне больш палітычнае, чым эканамічнае. Яна скіраваная на тое, каб адцягнуць Беларусь ад Расеі ў бок Захаду. У мэмарандуме паміж урадам Беларусі і Міжнародным валютным фондам, надрукаваным у жніўні 2009 году, адзначана, што Беларусь знаходзіцца толькі на пачатку рынкавых рэформаў. Гэта азначае, што абвешчаная ўрадам лібэралізацыя эканомікі пакуль не дала заўважных вынікаў».

Крук:
МВФ разьлічвае рухаць структурныя рэформы ў Беларусі, хоць і больш павольнымі тэмпамі.
«Часткова можна пагадзіцца, што палітыка адыгрывае пэўную ролю ў дзейнасьці МВФ. Але падчас крызісу фонд значна зьмяніў сваю стратэгію. Цяпер у якасьці прыярытэту МВФ разглядае хуткае рэагаваньне на патрэбы эканомік розных краін, гнутчэй улічвае спэцыфіку кожнай дзяржавы. Умовы выдачы крэдытаў сталі значна мякчэйшыя для ўсіх краінаў. МВФ разьлічвае рухаць структурныя рэформы ў Беларусі, хоць і больш павольнымі тэмпамі. Я ня згодзен з тым, што ўмовы МВФ беларускі ўрад ня выканаў.

Што тычыцца новай праграмы супрацоўніцтва Беларусі з МВФ гэтым годам, то пакуль пытаньне ня вырашанае. Прадстаўнікі фонду апошнімі днямі казалі, што зьяўленьне новай праграмы крэдытаваньня будзе залежаць ад тэмпаў структурных рэформаў. Таму я б ацаніў пазыцыю МВФ як прагматычную».

Злотнікаў: «Я настойваю, што ўмовы МВФ Беларусь ня выканала. Агенцтва па прыватызацыі павінна было быць створана восеньню мінулага году. Але дагэтуль яго няма. Павінна была быць прынятая праграма прыватызацыі, прыняты новы закон аб прыватызацыі. Але нічога ня зроблена. Нядаўна Лукашэнка заявіў, што народ ня хоча прыватызацыі, таму яе ня будзе. Гэта наўпроставы адказ МВФ. А калі ня будзе прыватызацыі, то пра якія структурныя рэформы можна гаварыць?»

Крук: «У мэмарандуме напісана не аб прыняцьці закону аб прыватызацыі, а аб накіраваньні яго прэзыдэнту і ў парлямэнт. А гэта ўрад выканаў. Яшчэ адна ўмова прадугледжвае, што да канца лютага 2010 году будуць прададзеныя пяць прадпрыемстваў. Цяпер пачатак лютага. Таму фармальна ўсе крытэрыі МВФ пакуль што выкананыя».