Магілёўскі суд не падтрымаў прэтэнзіі руху БНФ “Адраджэньне”

Зьміцер Салаўёў

Магілёўскі абласны суд не задаволіў скаргу рады абласной арганізацыі руху БНФ «Адраджэньне». Апазыцыянэры прасілі адмяніць пастанову Магілёўскага гарвыканкаму і прэзыдыюму гарсавету, якія не ўключылі ў склад магілёўскай гарадзкой выбарчай камісіі іхнага прадстаўніка — актывіста Свабоднага прафсаюзу Беларускага Сяргея Фаміна.
Зацьвярджаць Сяргея Фаміна ў складзе камісіі гарвыканкам і прэзыдыюм гарсавету адмовіліся, бо абласная арганізацыя, паводле іх, ня можа вылучаць сваіх прадстаўнікоў у гарадзкія камісіі, а толькі ў абласныя. З такой пазыцыяй рада абласной арганізацыі руху «БНФ Адраджэньне» не пагадзілася і зьвярнулася ў суд.

На разглядзе скаргі самога вылучэнца Сяргея Фаміна не было. Ён у бальніцы. Яго інтарэсы на судзе прадстаўляў старшыня магілёўскай абласной арганізацыі руху БНФ «Адраджэньне» Зьміцер Салаўёў. Суду ён намагаўся давесьці, што пастанова гарвыканкаму й прэзыдыюму гарсавету — палітычна матываваная.

«Была парушаная працэдура выбарнасьці на сумесным паседжаньні. Менавіта па тых кандыдатурах, якія вылучаліся ў склад камісіі апазыцыйнымі арганізацыямі, па іх не было галасаваньня. Паколькі ўжо
Ніякім чынам нельга лічыць гэтыя выбары нават напаўпразрыстымі.
на першых этапах ідуць фальшаваньні й падтасоўкі, то ясна, што на ніжэйшых узроўнях будзе яшчэ горш. Ніякім чынам нельга лічыць гэтыя выбары нават напаўпразрыстымі», — адзначыў пасьля суду Зьміцер Салаўёў.

Гэта ж ён казаў і на самім судзе. У сваіх довадах Салаўёў спасылаўся на камэнтары і інтэрвію сябраў цэнтральнай выбарчай камісіі Беларусі і Аляксандра Лукашэнкі з запэўніваньнямі наконт адкрытасьці і празрыстасьці выбарчага працэсу.

Прадстаўнік гарвыканкаму і гарсавету Міхаіл Сьвірыдзенка назваў скаргу неабгрунтаванай. Ён заявіў, што ўсё адбылося згодна з Выбарчым кодэксам. Паводле Сьвірыдзенкі, 38 працэнтаў складу камісіі — гэта прадстаўнікі грамадзкіх арганізацыяў: БРСМ, «Белай Русі», «Беларускага саюзу вэтэранаў вайны ў Аўганістане» ды іншых. Склад камісіі, заявіў у судзе Сьвірыдзенка, падбіралі паводле прафэсійных якасьцяў.

«Мы палічылі, што вы не адпавядаеце патрабаваньням выбарчага кодэксу», — так патлумачыў прычыну негаласаваньня па кандыдатуры Фаміна Міхаіл Сьвірыдзенка.

Судзьдзя Любоў Халадцова пасьля паўгадзіннага перапынку зачытала свой вырак.

«Адмовіць радзе абласной арганізацыі руху БНФ „Адраджэньне“ ў задавальненьні скаргі. Рашэньне суду зьяўляецца канчатковым і абскарджаньню, апратэставаньню ў касацыйным парадку не падлягае».

Абласная арганізацыя руху БНФ «Адраджэньне» вылучала ў склад тэрытарыяльных выбарчых камісіяў на Магілёўшчыне трох сваіх прадстаўнікоў. Усім ім адмовілі на той падставе, што нібыта была парушана працэдура вылучэньня кандыдатаў.