СБП пратэстуе супраць перасьледу

Алесь Пашкевіч, старшыня Саюзу беларускіх пісьменьнікаў

3 лютага Саюз беларускіх пісьменьнікаў выступіў з заявай аб перасьледзе сяброў аб’яднаньня. Заява прынята Радай СБП аднагалосна.
У апошнія дні ўсе сябры СБП, якія працуюць у дзяржаўных бюджэтных установах, былі выкліканыя да кіраўніцтва. Кіраўніцтва, як высьветлілася, атрымала ліст з Адміністрацыі прэзыдэнта, які, паводле словаў старшыні Саюзу беларускіх пісьменьнікаў Алеся Пашкевіча названы так:

«Деструктивная организация, членство в которой несовместимо с работой в государственных учреждениях и ведомствах».

Дарэчы, грамадзкае аб’яднаньне «Саюз беларускіх пісьменьнікаў» зарэгістраванае ў Міністэрстве юстыцыі і ў ягоных шэрагах народныя паэты Беларусі Ніл Гілевіч і Рыгор Барадулін, дзясяткі іншых слынных літаратараў: Генадзь Бураўкін, Сяргей Законьнікаў, Уладзімер Арлоў, Леанід Дайнэка, Уладзімер Някляеў, Вольга Іпатава... Сьпіс можна доўга працягваць.

Сябрам СБП, якія працуюць у дзяржаўных установах, ва ўльтыматыўнай форме было прапанавана выйсьці з Саюзу беларускіх пісьменьнікаў, інакш яны будуць звольненыя.

Алесь Пашкевіч: «Масава праведзены папярэднія размовы з усімі сябрамі Саюзу беларускіх пісьменьнікаў, якія працуюць у бюджэтнай сфэры. Каму да 5 лютага, каму ў тэрмін на працягу сутак ва ўльтыматыўнай форме было выказана наступнае патрабаваньне: ці вы пішаце заяву аб выхадзе з грамадзкага аб’яднаньня „Саюз беларускіх пісьменьнікаў“, ці вы працаваць ня будзеце».

Двое літаратараў напісалі заявы аб выхадзе з СБП. І ня кожны, на каго ціснула кіраўніцтва на працы, зьвярнуўся ў Раду ці да сваіх калег. Таму 3 лютага была тэрмінова скліканая Рада СБП, на якой аднагалосна быў прыняты зварот. У звароце прозьвішчы не называюцца, але маніторынг вядзецца, запэўніў Алесь Пашкевіч.

Прыкладна 3 месяцы таму СБП прайшоў адпаведную чыстку ў Міністэрстве юстыцыі. Старшыня СБП падаў агульны сьпіс сябраў арганізацыі, у якім былі пазначаныя прозьвішчы, псэўданімы, месца жыхарства, год уступленьня, жанр, у якім працуе літаратар. Але Мін’юст запатрабаваў падаць зьвесткі пра месца працы. Гэты запыт Алесь Пашкевіч ня стаў выконваць і аргумэнтаваў так:

«Сябры, якія працуюць, баяцца магчымага перасьледу. Дык вось гэты сьпіс, па маіх зьвестках, патрапіў і да новастворанага Саюзу пісьменьнікаў Беларусі. Як я думаю, пэўна, гэты час якраз і спатрэбіўся, каб пэўнымі ідэалягічнымі інструмэнтамі выявіць месцы працы, дайсьці ў кожны рэгіён і, як паказвае практыка, у кожную вёску, дзе жывуць пісьменьнікі і працуюць у навучальных установах, музэях, у рэдакцыях абласных і раённых газэтаў»

Ян сказана ў звароце, ганебныя і незаконныя «працэсы» мелі месца ў сталіцы і ўсіх рэгіёнах Беларусі (у «Ліме», выдавецтве «Мастацкая літаратура», Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, БДУ, БНТУ, БДЭУ, БДПУ, абласных унівэрсытэтах, рэдакцыях газэт, музэях і школах.

Рада СБП патрабуе «неадкладна спыніць перасьлед пісьменьнікаў, сябраў грамадзкага аб’яднаньня СБП; даць належную ацэнку дэструктыўнай дзейнасьці кіраўніцтва СПБ на чале зь Мікалаем Чаргінцом, якая наносіць непапраўную шкоду разьвіцьцю сучаснага літаратурна-грамадзкага працэсу і нацыянальнай культуры ў цэлым».