Якой будзе дэлегацыя Беларусі ў ЭЎРАНЭСЦЕ?





Беларусь будзе настойваць на раўнапраўным удзеле ў парлямэнцкай асамблеі "Усходняга партнэрства" ЭЎРАНЭСТ.

Аб гэтым БЕЛТА заявіў старшыня міжнароднай камісіі палаты прадстаўнікоў Сяргей Маскевіч.

"Нас цікавіць толькі раўнапраўны ўдзел у ЭЎРАНЭСТ. Будзем настойваць, каб беларуская дэлегацыя цалкам фармавалася з прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу і яе колькасны склад быў аднолькавым з дэлегацыямі астатніх ўсходнеэўрапейскіх краін", – сказаў Маскевіч.

Паводле яго, дэпутаты Нацыянальнага сходу заяўляюць аб сваёй пазыцыі на ўсіх афіцыйных мерапрыемствах па лініі "Ўсходняга партнэрства", у якіх прымаюць удзел. Аб гэтым ішла размова і на пасяджэньні рабочай групы па фармаваньні ЭЎРАНЭСТ у студзені ў Бруселі. Аналягічная заява прагучыць таксама на маючай адбыцца сустрэчы кіраўнікоў парлямэнцкіх камітэтаў па міжнародных справах Вышэграцкай групы (у яе ўваходзяць Чэхія, Славаччына, Вугоршчына і Польшча) і шасьці краінаў-партнэраў (Беларусі, Малдовы, Украіны, Азэрбайджана, Грузіі і Армэніі). Сустрэчу заплянаваная на 24 лютага ў Будапэшце.

Адказваючы на пытаньне аб прапанове Эўрапарлямэнту фармаваць беларускую дэлегацыю ў ЭЎРАНЭСТ напалову з прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу і апазыцыі, Сяргей Маскевіч адзначыў: "Эўрапарлямэнт не знаходзіцца ў афіцыйных адносінах з парлямэнтам Беларусі, ніякіх афіцыйных прапановаў і заяваў ад яго не паступала".