Іл-76 надалей у Бангкоку. Пытаньняў больш, чым адказаў

Як вынікае з дакумэнту, які ўрад Тайлянду падрыхтаваў для Рады Бясьпекі ААН і які цытуе Reuters, 35 тонаў зброі, канфіскаваных 11 сьнежня на борце Іл-76 і ў 145 кантэйнэрах ў бангкоцкім аэрапорце, накіроўваліся ў Іран. Самалёт ажыцьцяўляў рэйс з КНДР ва Ўкраіну з прыпынкамі для дазапраўкі ў Бангкоку і Шры-Ланцы. У кантэйнэрах знаходзіліся ракеты блізкага радыюсу дзеяньня, пускавыя ўстаноўкі, гранаты з ракетным рухавіком і г.д. У якасьці пастаўшчыка значылася карпарацыя Korea Mechanical Industry.

Экіпаж самалёта, у складзе якога грамадзянін Беларусі Міхаіл Петухоў, а таксама грамадзяне Казахстану Ільяс Ісакаў, Віктар Абдулаеў, Аляксандар Зрыбнеў, Віталь Шумкоў, быў затрыманы і зьмешчаны пад варту. У мінулую пятніцу затрыманьне пад вартай было працягнутае да 11 лютага.

Як падае Reuters, справаздача ўладаў Тайлянду павінна разглядацца Радай Бясьпекі ААН таксама 11 лютага.

Тым часам аўтары публікацыі “Сабакі вайны ці ўдзельнікі палітычнай гульні?”, зьмешчанай у Bangkok Post, выказваюць пэўны скепсіс у сувязі з усёй гэтай гісторыяй вакол затрыманага самалёта ІЛ-76.

Выданьне правяло ўласнае расьсьледаваньне, у часе якога былі апытаныя замежныя дыпляматы ў Бангкоку, афіцэры спэцслужбаў Тайлянду, пілёты ІЛ-76, супрацоўнікі гатэлю, дзе яны спыняліся.

Сярод найбольш частых пытаньняў, якія чуліся ад замежных дыпляматаў у Бангкоку: навошта самалёт, які ў парушэньне санкцыяў ААН меў на борце 35 тонаў зброі з Паўночнай Карэі, зрабіў прыпынак для дазапраўкі ў Бангкоку, у той час як меліся больш бясьпечныя варыянты тэхнічных стаянак у такіх краінах як Бірма, Лаос і Віетнам?

Гучала і такое меркаваньне: маршрут даўжынёю 24 000 км з канчатковым пунктам прызначэньня ў Тэгеране таксама ня мае сэнсу, паколькі куды прасьцей даставіць зброю ў Іран з краін былога СССР.

Выданьню Bangkok Post таксама стала вядома, што Іл-76 прыляцеў з Пхэньяну ў Бангкок на дзень раней, чым першапачаткова паведамлялася, што 10 сьнежня тайная паліцыя пад выглядам супрацоўнікаў аэрапорту абшукала машыну, аднак нічога ў ёй не знайшла. Адзін афіцэр выведкі ананімна паведаміў Bangkok Post, што ў Тайляндзе яшчэ 9 сьнежня атрымалі інфармацыю адносна прылёту “Ільюшына” у аэрапорт Don Mueang для дазапраўкі.

Чальцы экіпажу былі затрыманыя 12 сьнежня. Іх спачатку завезьлі ў паліцэйскі пастарунак. Пазьней ужо супрацоўнікі дэпартамэнту па барацьбе са злачыннасьцю выставілі беларусу Міхаілу Петухову і чатыром казаскім лётчыкам абвінавачаньні ў незаконным валоданьні зброяй і яе кантрабандзе.

Журналістам удалося пагутарыць з авіятарамі. Яны адхіляюць выстаўленыя абвінавачаньні. Кажуць, што канчатковай мэтай іх зваротнага маршруту быў Кіеў. Яны таксама настойваюць на тым, што былі ўпэўненыя, што груз у зачыненых скрынях - абсталяваньне для нафтавага бурэньня.

Адзін з замежных дыпляматаў, які спэцыялізуецца ў вайсковых справах, падзяліўся з выданьнем наступнымі меркаваньнямі. Ён лічыць, што “ўся апэрацыя была пастаноўкай, для якой патрабавалася ўзаемадзеяньне некалькіх вялікіх краін”.

“Хтосьці вырашыў забіць адразу некалькіх зайцаў, даказаўшы, што КНДР парушае рэзалюцыю ААН, што Іран мае сувязі з Паўночнай Карэяй, а таксама зьвярнуць увагу на выпадак з арыштаваным у Бангкоку крамлёўскім дылерам Віктарам Бутам”.

Дыплямат лічыць бессэнсоўнай заяву адносна закупак абсталяваньня для бурэньня шахтаў, а таксама заяву адносна магчымых закупак паўночнакарэйскай зброі ва Ўкраіне, бо Ўкраіна мае дастаткова гэтай зброі з часоў СССР.

“Хутчэй Украіна сама хацела б прадаць зброю Паўднёвай Карэі”, - мяркуе ананімны суразмоўца газэты Bangkok Post.