Транзытны калідор ці прахадны двор

Падчас энэргетычных спрэчак з Расеяй афіцыйны Менск спрабуе скарыстаць свой транзытны патэнцыял. Паводле афіцыйных ацэнак, Беларусь выкарыстоўвае свае транзытныя магчымасьці на 20% і мае запас для іх павелічэньня ў пяць разоў. Ці можа краіна з дапамогай транзыту процістаяць ціску з Расеі?


Празь Беларусь грузы з Расеі, Казахстану і Сярэдняй Азіі накіроўваюцца ў порты Балтыйскага мора, а таксама ў краіны Цэнтральнай і Заходняй Эўропы. Асноўная ж частка транзытных плыняў прыпадае на Расею. Празь беларускую тэрыторыю ажыцьцяўляецца сувязь з Калінінградзкай вобласьцю. Да прыкладу, за 2008 год празь Беларусь правезена каля 171 мільёна тон грузаў. У тым ліку чыгуначным транспартам — амаль 51 мільён тон, аўтамабільным — амаль 11 з паловай, і магістральным трубаправодным — каля 109 мільёнаў тон. Агульны аб’ём прыбытку ад транзыту склаў 2,6 мільярда даляраў.

Аднак незалежныя экспэрты мяркуюць, што Беларусь павінна найперш захаваць існуючыя аб’ёмы. Эканаміст дасьледчага цэнтру Інстытуту прыватызацыі і мэнэджмэнту Ірына Тачыцкая — супраць любых маніпуляцый вакол транзыту:

“Калі мы хочам застацца транзытнай краінай, мы павінны ўвесь час казаць, што зьяўляемся надзейным пастаўшчыком. І наш урад апошнім часам стараецца гэта артыкуляваць. Калі ты хочаш і ў будучым заставацца краінай транзыту, каб вакол цябе абходныя шляхі не пабудавалі, то ты павінен быць надзейным і прадказальным”.

Ведучы “энэргетычныя войны” з Расеяй, афіцыйны Менск звычайна ўздымае пытаньне аб павышэньні тарыфаў на транспартаваньне электраэнэргіі, нафты ці газу. Падчас апошняй нафтавай спрэчкі былі пагрозы ўзьняць іх у дзесяць разоў, амаль у пяць разоў — на электраэнэргію. Але гэта выглядала шантажом, бо ў выніку беларускі бок пакуль прайграў. Тарыфы на транзыт вельмі нізкія, лічыць экспэрт у галіне энэрганосьбітаў Валянцін Мацкевіч:

“Яны адпавядаюць выдаткам, якія робяць гаспадаркі, напрыклад, “Белтрансгаз”, нафтаперапрацоўчыя арганізацыі, электрычныя сеткі. На пачатку 2000-х гадоў тарыф на прапампоўваньне экспартнага прыроднага газу быў меншы, чым унутры Беларусі. Практычна быў на мяжы стратнасьці. Справа ў тым, што не выкарыстоўваюцца эўрапейскія падыходы. Яны ня могуць кампэнсаваць павелічэньне кошту энэрганосьбітаў, але яны вельмі балючыя для расейскіх кампаній. На прыкладзе нафтавых перамоваў спадар Сечын змагаўся зь Сямашкам, каб не было падвышэньня цэнаў, але яны заклалі, што гэты тарыф будзе разьлічвацца і ўзгадняцца з расейскім бокам. Гэта ў пратаколе зафіксавана, і Сечын узяў гэта як сваю перамогу”.

Але ўзьнікае пытаньне: няўжо Беларусь застанецца ўсяго толькі прахадным дваром, а не паўнавартасным транзытэрам? Паводле Ірыны Тачыцкай, калі Расея пагражае прадаваць Беларусі энэрганосьбіты па сусьветных цэнах, то і беларускі бок можа настойваць на адэкватным, рынкавым кошце транзыту.

“Гэта ня ёсьць нейкім адказам, ціскам ці процістаяньнем. Гэта зусім нармальныя рынкавыя стасункі. Але трэба мець на ўвазе, калі ты вызначаеш цану транзыту, што Расея разьвівае ідэі абходных трубаправодаў па нафце і газе”.

Для расейскага газу Беларусь з савецкіх часоў — самы кароткі шлях у Эўропу. Падчас мінулагодняга газавага канфлікту паміж Украінай і Расеяй афіцыйны Менск фактычна выступіў на расейскім баку і спрабаваў кампэнсаваць пастаўкі газу ў Эўропу праз сваю тэрыторыю. Найперш па газаправодзе “Ямал-Эўропа”, які дасягае Польшчы і Нямеччыны. Ён належыць Расеі, а 575-кілямэтровы адрэзак праходзіць па Беларусі. Яшчэ раней была зарэзэрвавана зямля і на другую нітку, якую цяпер гатовы будаваць афіцыйны Менск. Расея пайшла ў абход, выкарыстоўваючы газаправоды “Паўночны паток” і “Паўднёвы паток”. Аднак празь беларускую тэрыторыю ідзе каля 50 мільярдаў кубамэтраў расейскага газу. Аналітык расейскай кампаніі RusEnergy Міхаіл Круціхін адзначае:

“Нават, калі будуць пабудаваны абходныя шляхі вакол Украіны, “Паўночны паток” і “Паўднёвы паток”, то існых кантрактаў па газе ў Эўропе значна больш, чым могуць прапусьціць гэтыя два новыя маршруты. Таму, здымаючы транзыт з Украіны,транзыт празь Беларусь “Газпром” плянуе пакінуць”.

“Газпром” стаў уласьнікам 37,5% акцый “Белтрансгазу”, і сёлета яго частка павінна павялічыцца да 50%. Паводле спадара Круціхіна, гэта прывядзе да павелічэньня кантролю “Газпрому” над транзытам:

“Газпром” штогод выдзяляе сродкі на набыцьцё гэтага актыву, і афармленьне зацягваецца каторы год. І я не магу казаць з упэўненасьцю, што сёлета “Газпром” гэта купіць. З палітычных прычын набыцьцё зацягваецца ня першы год. Гэта пазыцыя прэзыдэнта Лукашэнкі найперш. Пакуль яму ўдавалася гэту плянаваную зьдзелку ўсяляк сабатаваць. Пакуль Беларусь мае кантроль над гэтай часткай, яна мае сур'ёзныя прыбыткі ня толькі ад тарыфаў, але і ад апэрацыйнага прыбытку гэтай кампаніі. А аддаваць іншай дзяржаве поўны кантроль над сваімі газатранспартнымі сеткамі — гэта непапулярная мера нават сярод беларускага насельніцтва, я думаю”.

Празь Беларусь у Эўропу ідзе нафтаправодам “Дружба” каля 85 мільёнаў тон расейскай нафты. Расея летам мінулага году пачала будаўніцтва БТС-2, які накіруе нафту ў абход Беларусі — ад станцыі Ўнеча да порта Усьць-Луга, што пад Санкт-Пецярбургам. Палітоляг Андрэй Фёдараў адзначыў:

“Расея хоча атрымаць нешта большае ад транзыту, забраць сабе трубаправоды, а калі Беларусь супраціўляецца, то яна цягне трубаправоды ў абход. Ёсьць магчымасьці выкарыстоўваць транзыт, толькі яны не абсалютныя”.

Паводле палітоляга Кірыла Коктыша, пасьля запуску БТС-2 вельмі істотна будзе мяняцца балянс стасункаў Беларусі і Расеі. Андрэй Фёдараў дадае, што магчымасьцяў для торгу ў афіцыйнага Менску стане значна меней.