Прадстаўнікі “Белэнэрга” і “Интер РАО ЕЭС” на чарговым раўндзе перамоваў у Менску зьбіраюцца абмеркаваць умовы паставак расейскай электраэнэргіі у краіны Балтыі і Калінінградзкую вобласьць Расеі.
Беларускі бок раней заяўляў аб магчымасьці блякаваньня такіх паставак праз свае сеткі, калі ня будзе адпаведнай дамовы.
“Интер РАО ЕЭС” раней заявіла пра тэндэнцыю да збліжэньня пазіцыяў удзельнікаў перамоваў.
4-га студзеня канцэрн “Белэнэрга” папярэдзіў, што магчыма спыніць пастаўкі расейскай электраэнэргіі ў Калінінградзкую вобласьць з прычыны таго, што ўмоў транзыту не ўзгодненыя.
Паводле “Интер РАО ЕЭС”, Беларусь патрабуе павялічыць кошт транзыту ў 5,5 разы.
Папярэднія энэргетычныя раўнды адбыліся 12 студзеня ў Менску і 14 студзеня ў Маскве. Аднак беларускія перамоўнікі ад “Белэнэрга” і расейскі пастаўшчык у складзе прадстаўнікоў канцэрну “Інтэр РАО ЕЭС” так і не ўзгаднілі ўмовы камэрцыйных паставак расейскай электраэнэргіі праз Беларусь у 2010 годзе. Між тым, расейскі бок абураны намерамі Менска падвысіць кошт паслугаў за транзыт болей чым у 5 разоў. У “Белэнэрга” такі крок патлумачылі меркаваным падвышэньнем аб’ёмаў падачы электраэнэргіі ў Літву ў зьвязку з закрыцьцём Ігналінскай АЭС. Гэта, у сваю чаргу, патрабуе істотнага росту выдаткаў з беларускага боку.
19 студзеня ў Менску з-за тэхнічных прычынаў быў адкладзены чарговы, трэці, раўнд раўнд перамоваў у пытаньнях транзыту электраэнэргіі праз Беларусь у Калінінградзкую вобласьць і краіны Балтыі.