ЗША возьмуць на ўлік беларускі гандаль зброяй

Амэрыканскія кангрэсмэны хочуць абавязаць свой урад, каб ён прадстаўляў Кангрэсу ЗША штогадовыя справаздачы аб пастаўках Беларусьсю ўзбраеньняў за мяжу.



Праект адпаведнага закону пад назвай "Акт аб уліку беларускіх паставак узбраеньняў 2009" (The Belarus Arms Transfers Accountability Act of 2009) знаходзіцца на разглядзе ў камітэце па замежных справах Палаты прадстаўнікоў Кангрэсу.

Законапраект сьцьвярджае, што ў пэрыядзе 1999-2006 гг. Беларусь зарабіла на экспарце ўзбраеньняў як мінімум 1 мільярд даляраў і што гэтая сума стаўляе краіну на 11 месца па аб’ёму экспарту зброі ў сьвеце.

Законапраект таксама адзначае, што Беларусь зьяўляецца буйным пастаўніком ракетаў, мінамётаў, супрацьтанкавай зброі і мінаў экстрэмісцкім групоўкам і дзяржавам, якія падтрымліваюць тэрарызм, такім як Іран і Судан, а таксама верталётаў Мі-24, артылерыйскіх сыстэмаў і бронетэхнікі расейскай прадукцыі ўраду Судана, танкаў камуністычнаму рэжыму ў Паўночнай Карэі, вайсковых самалётаў і авіяцыйных рухавікоў у Іран.

Дакумэнт таксама згадвае супрацоўніцтва Беларусі ў сфэры паставак зброі з Вэнэсуэлай і Іранам ды дапускае магчымасьць, што Беларусь можа прадаваць Ірану расейскія ракетныя комплексы С-300.

Калі гэты закон будзе прыняты, Дзярждэпартамэнт ЗША будзе абавязаны штогод прадстаўляць Кангрэсу даклад аб аб’ёмах і мэханізмах экспарту узбраеньняў Беларусьсю, даходах з гэтага экспарту і патэнцыяльным удзеле Расеі ў такіх зьдзелках.

Паводле дакумэнту, асаблівую ўвагу амэрыканскі ўрад павінен зьвярнуць на беларускія пастаўкі ўзбраеньняў або сумежных тэхналёгій у любую краіну, якую Вашынгтон ацэньвае як спонсара тэрарызму або як такую, якая не супрацоўнічае з ЗША ў супрацьдзеяньні тэрарызму.