Сьмяротнае пакараньне пагражала пілётам паводле абвінавачаньня ў захоўваньні выбуховых рэчываў. Афіцыйных прадстаўнік МЗС Казахстану Аскар Абдрахманаў паведаміў агенцтву “Інтэрфакс”, што цяпер гэтыя абвінавачаньні зьнятыя.
Паводле іншых абвінавачаньняў лётчыкам пагражае зьняволеньне да 10 гадоў.
12 сьнежня 2009 году самалёт затрымала тайская паліцыя, калі ён прызямліўся ў Бангкоку на дазапраўку рэйсам з Паўночнай Карэі на Ўкраіну. У дакумэнтах было пазначана, што груз гэта “мэханізмы для бурэньня сьвідравін”.
Але падчас ператрусу знайшлі 35 тон зброі, у тым ліку мабільныя ракетныя комплексы, ракеты зямля-паветра і 12 кантэйнэраў з боепрыпасамі.
Пілёты экіпажу казалі, што нічога ня ведалі пра сапраўдны склад грузу.
У складзе экіпажу адзін грамадзянін Беларусі і трое – Казахстану.
Камандзір самалёту Ільяс Ісакаў патлумачыў 25 сьнежня, што груз павінны былі даставіць у кіеўскі аэрапорт “Барыспаль”, а наконт таго, што зь ім зьбіраліся далей рабіць яго ўладальнікі пілётам было невядома.
Ісакаў удакладніў пры гэтым, што экіпаж наняла ўкраінская фірма “Авіятэк”, якая зафрахтавала самалёт у грузінскай кампаніі Air West Georgia.