Калі б адзначэньне 20-годзьдзя аднаўленьня незалежнасьці Літвы адбывалася сёньня, гэта быў бы ня самы дарэчны момант чакаць візыту ў Вільню прэзыдэнта Беларусі А.Лукашэнкі, заявіў міністар замежных справаў Літвы Вігаўдас Ушацкас.
“Я думаю, што з эмацыянальнага гледзішча пасьля заявы Генпракуратуры Беларусі аб адмове супрацоўнічаць з Пракуратурай Літвы (...) сёньня для ўдзелу Лукашэнкі ва ўрачыстасьцях ня быў бы найлепшы момант”, – сказаў В.Ушацкас журналістам падчас нефармальнай сустрэчы стратэгаў міжнароднай і абароннай палітыкі Эўропы і Паўночнай Амэрыкі.
Літоўскія пракуроры атрымалі ліст Генэральнай пракуратуры Беларусі, у якім выказваецца адмова выконваць просьбы Літвы аб прававой дапамозе ў справе падзеяў 13 студзеня 1991 году. Прэзыдэнт Даля Грыбаўскайце заявіла, што патрабаваць экстрадыцыі падазраваных Уладзімера Ўсхопчыка і Станіславы Юонене Літва ня мае юрыдычных падставаў, і запрапанавала вырашыць праблему шляхам палітычнага дыялёгу.
Кіраўнік літоўскай дыпляматыі сказаў, што падтрымлівае імкненьне кіраўніцы дзяржавы падтрымаць дыялёг з Лукашэнкам, аднак ці цяпер настаў час запрашаць яго на адзначэньне 20-годзьдзя аднаўленьня незалежнасьці Літвы – ён сказаць ня змог бы.
В.Ушацкас нагадаў, што ў дачыненьнях як Літвы, гэтак і Эўразьвязу зь Беларусьсю прагрэс магчымы толькі ў тым выпадку, калі яна сама выявіць гатовасьць ісьці наперад шляхам павагі правоў чалавека і вяршэнства закону.
Запрашэньне беларускага кіраўніка ў Вільню не сьпяшаецца падтрымаць і прэм'ер Андрус Кубілюс.
Прэзыдэнт Д.Грыбаўскайце паведаміла, што зьбіраецца запрасіць на ўрачыстасьці 11 Сакавіка прэзыдэнтаў усіх суседніх зь Літвой краінаў, у тым ліку тых, якія яшчэ не ўваходзяць у Эўразьвяз – Беларусі і Расеі, якімі кіруюць А.Лукашэнка і Дз.Мядзьведзеў.