Амбасада Расеі: Умовы пастаўкі газу не мяняліся

Умовы пастаўкі расейскага газу ў Беларусь у 2010 годзе не мяняліся. Яны прадугледжаныя доўгатэрміновымі кантрактамі.

Пра гэта агенцыі ПРАЙМ-ТАСС заявіў дарадца па эканамічных пытаньнях амбасады Расеі ў Беларусі Андрэй Кузьняцоў.

Дадатковае пагадненьне да доўгатэрміновага кантракту, якое магло б памяняць папраўчы каэфіцыент да цаны газу ў 2010 годзе, не падпісана.

Паводле расейскага дыплямата, газавае ўзаемадзеяньне з беларускім бокам павінна ажыцьцяўляцца адпаведна з доўгатэрміновым кантрактам. Гэта тычыцца і разьлікаў афіцыйнага Менску за атрыманы газ.

“Згоды на нейкія іншыя дзеяньні з расейскага боку не было”,- адзначыў дыплямат.

Паводле старшыні праўленьня “Газпрому” Аляксея Мілера, цана газу для Беларусі ў 1-м квартале 2010 года складзе каля 168 даляраў за тысячу кубамэтраў.