Ігар Лябедка, камандзір вайсковай часткі ў Мазыры, дзе служыць Франак Вячорка катэгарычна абвяргае, што ў частцы ёсьць салдаты, хворыя на каросту. Камандзір абверг таксама інфармацыю аб тым, што Франка пакаралі за распаўсюджваньне інфармацыі аб тым, што ў войску, увогуле, ёсьць наяўнасьць такога захворваньня.
Ігар Лябедка паведаміў, што салдатам, якія служаць разам з Франкам, не забаранілі звальненьні.
“Хто вам сказаў, што ў мяне салдаты з каростай ёсьць?! Вы ж дарослая жанчына. Салдат 6-7 дзён паляжаў у шпіталі! Яго што – з каростай выпісалі?!”
Карэспандэнтка: “Значыць, ён здаровы?”
Лябедка: “Ну вы думаеце, што 6-7 дзён з каростай ляжаць у шпіталі?! Вы, калі ня ведаеце, дык удакладніце спачатку. А наконт таго, што я да сакавіка месяца забараніў звальненьні, то гэта трызьненьне нейкае. Я ведаю Вячорку і ня ведаю вас. Не хачу размаўляць на гэтую тэму”.
Франак Вячорка быў шпіталізаваны напрыканцы году. Ён паведаміў са шпіталя, што яму паставілі дыягназ “кароста”. РРазам зь ім у дыспансэр прывезьлі яшчэ аднаго салдата, і яны ўдваіх і праляжалі там, пакуль зьнянацку ня выпісалі.
Пасьля таго, як на сайце “Свабоды” зьявілася паведамленьне аб онлайн- канфэрэнцыі Франка, хлопца тэрмінова выпісалі са шпіталя і адвезьлі ў вайсковую частку.
Бацька Франка Вінцук Вячорка апавёў, што даведаўся ад сваіх крыніцаў інфармацыі аб тым, што яго сына пакаралі 7 пазачарговымі нарадамі, а салдат, якія служаць разам зь ім, пазбавілі звальненьня і спатканьняў са сваякамі. Акрамя гэтага, аднавілі інфармацыйную ізаляцыю Франка, як гэта было некалькі месяцаў. Некалькі месяцаў таму ён не атрымліваў газэт і часопісаў.