Чарнобыль: колькасьць загіблых і хворых на рак да гэтага часу не вызначаная

Тэрыторыя Эўропы, дзе ў 1986 годзе выпалі радыёактыўныя ападкі

Паводле афіцыйных дадзеных Сусьветнай арганізацыі аховы здароўя і МАГАТЭ, у выніку катастрофы на Чарнобыльскай АЭС загінулі 56 чалавек, яшчэ 4 тыс. памруць ад яе наступстваў у будучыні.

Спэцыялісты гэтых арганізацый таксама сьцвярджаюць, што большасьць захворваньняў, якія традыцыйна зьвязваюць з катастрофай у Чарнобылі, у сапраўднасьці тлумачацца "псыхалягічнымі праблемамі, радыяфобіяй альбо беднасьцю ці нездаровым ладам жыцьця ". Аднак некаторыя вартыя даверу навукоўцы не падзяляюць пункт гледжаньня Сусьветнай арганізацыі аховы здароўя і МАГАТЭ, піша The Guardian.

Так, Міжнароднае агенцтва па вывучэньні рака прагназуе, што выніковая колькасьць ахвяр катастрофы складзе 16 тыс. чалавек; Расейская акадэмія навук ацэньвае колькасьць памерлых ад катастрофы ў 200 тыс. чалавек, зь якіх 60 тыс. загінулі ў Расіі, астатнія - у Беларусі і ва Украіне. У Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі кажуць пра 93 тыс. сьмерцяў і 270 тыс. выпадкаў захворваньня на рак, а спэцыялісты Нацыянальнага камітэта радыёлягічнай абароны Украіны налічылі 500 тыс. загіблых.

Адсутнасьць адзінага меркаваньня па гэтым пытаньні The Guardian тлумачыць тым, што намаганьні па падліку ахвяраў Чарнобыльскай аварыі насілі несыстэматызаваны характар, многія дадзеныя былі страчаны ў пэрыяд распаду СССР, а профільныя органы ААН дагэтуль прымаюць пад увагу толькі публікацыі ў абмежаванай колькасьці англамоўных рэфэраваных часопісах.