Кошт нафты на нью-ёрскай біржы 4 студзеня апоўдні паднялася да адзнакі $ 81 за барэль (159 літраў). Гэта на $ 1,73 больш, чым у момант закрыцьця таргоў у чацьвер.
Як піша швайцарская Handelszeitung Online, у якасьці прычынаў росту кошту “чорнага золата” экспэрты называюць надзеі на аднаўленьне эканомікі ЗША, падвышаны попыт на энэргарэсурсы ўзімку, улічваючы маразы ў Эўропе і ЗША, а таксама “нафтавую вайну” паміж Расеяй і Беларусьсю. Менавіта канфлікты, зьвязаныя з пастаўкамі энэргетычнай сыравіны, падвышаюць яе цану на ўсясьветных рынках.
Спрэчка паміж Расеяй і Беларусьсю аб падаўжэньні кантрактаў на продаж нафты, чый тэрмін дзеяньня скончыўся пад Новы год, палягае ў цэнах, гавораць дылеры. Беларусь хоча мець большыя грошы за транзыт расейскай нафты на Захад, Расея ж імкнецца падвысіць свае экспартныя тарыфы. Хоць гэтая спрэчка, паводле трэйдэраў, і ня мае істотнага значэньня, аднак яна ўсё ж адбіваецца на настроях на ўсясьветным нафтавым рынку.
Як лічаць экспэрты "Commerzbank" у Франкфурце-на-Майне, рызыка перабояў у нафтавых пастаўках зьяўляецца невялікай. Спажываньне нафты ў Беларусі дасягае толькі 150 000 барэляў у дзень. Таму расейска-беларуская нафтавая вайна “на сытуацыі на ўсясьветным нафтавым рынку ніяк не адаб’ецца”, гаворыцца ў камэнтары "Commerzbank".