На некаторыя імпартныя аўтамабілі стаўкі мыта з 1 студзеня 2010 году павялічацца ў 10 разоў. Пра гэта паведаміў на прэсавай канфэрэнцыі сёньня начальнік упраўленьня тарыфнага рэгуляваньня і мытных плацяжоў Дзяржаўнага мытнага камітэту (ДМК) Беларусі Сяргей Полудзень.
Паводле яго, сур'ёзнае павышэньне ставак мыта закране аўтамабілі з тэрмінам эксплюатацыі, большым за пяць гадоў. Памер мытнай стаўкі будзе залежаць ад аб'ёму рухавіка, ад вартаснага паказчыка. “Па некаторых аўтамабілях стаўкі будуць павялічаныя ў 7 разоў, па некаторых — у 10 разоў”, — сказаў Сяргей Полудзень. Стаўкі на аўтамабілі з тэрмінам эксплюатацыі да пяці гадоў павысяцца нязначна.
Для фізычных асобаў у межах мытнага саюзу новыя правілы ўвозу аўтамабіляў пакуль ня вызначаныя. Начальнік прававога ўпраўленьня мытнага камітэту Аляксандар Адзярэйка нагадаў, што правілы ўвозу тавараў для фізычных асобаў будуць выпрацоўвацца да 1 ліпеня 2010 году. Гэта азначае, што фізычныя асобы да гэтага часу змогуць ўвозіць на мытную тэрыторыю Беларусі аўтамабілі па старых стаўках.
Разам з тым, як раней заяўлялі беларускія аўтадылеры, розныя стаўкі мыта для юрыдычных і фізычных асобаў могуць прывесьці да таго, што на аўтарынку атрымаюць распаўсюджаньне ценявыя схемы куплі-продажу.
Аўтадылеры ўжо адрэагавалі на падрыхтаваныя зьмены. У сьнежні ў параўнаньні зь лістападам значна вырасьлі аб'ёмы ўвозу імпартных аўтамабіляў. “Так, мы назіраем некаторы рост увозу аўтамабіляў”, — пацьвердзіў на прэсавай канфэрэнцыі начальнік упраўленьня арганізацыі мытнага кантролю ДМК Мікалай Бурш. У сувязі з гэтым старшыня ДМК падпісаў загад аб дзяжурным рэжыме працы ўсіх пунктаў мытнага афармленьня.