“У нас прадугледжана падрыхтоўка адпаведнага пагадненьня пра парадак увозу фізычнымі асобамі тавараў на тэрыторыю Мытнага саюзу. Відавочна, будзе праведзена пэўная ўніфікацыя падыходаў. Трэба правесьці перамовы з нашымі партнэрамі”, — паведаміў Сьляпнёў.
Паводле чыноўніка, да 1 траўня Міністэрства эканамічнага разьвіцьця падрыхтуе асноўныя парамэтры пагадненьня па стаўках мыта на аўтамабілі і тавары, якія ўвозяцца фізычнымі асобамі.
Пры гэтым намесьнік міністра не ўдакладніў, ці будзе Расея зьніжаць мыта на аўтамабілі, якія ўвозяцца фізычнымі асобамі, да ўзроўню мыта краінаў-партнэраў. “Мы зацікаўленыя ў тым, каб не рабіць дадатковых праблемаў нашым вытворцам, не пасылаць нэгатыўныя сыгналы інвэстарам, якія прыйшлі з праектамі ў Расею”, — заявіў Сьляпнёў.
Мытны саюз пачынае дзейнічаць ад 1 студзеня 2010 году. У пагадненьні замацаваныя агульныя для Расеі, Беларусі і Казахстану стаўкі мыта для юрыдычных асобаў, нагадвае Інтэрфакс. Памер мыта на тавары і аўтамабілі, якія ўвозяцца фізычнымі асобамі, павінен быць вызначаны да 1 ліпеня 2010 году — калі пачне дзейнічаць адзіны Мытны кодэкс.