У Лёндане на 74 годзе жыцьця памерла вядомая ангельская перакладчыца Вера Рыч. З 1957 году яна займалася перакладам беларускай паэзіі і літаратуры на ангельскую мову. Успамінамі пра Веру Рыч дзеліцца перакладчыца Аляксандра Макавік.
“Калі сыходзіць нехта настолькі жывы, як была спадарыня Рыч, цяжка ў гэта паверыць. Яна некалі напісала, што ў яе сям’і ўсе жылі вельмі доўга, і яна мелася пражыць гэткае ж доўгае жыцьцё.
Мне пашчасьціла пазнаёміцца зь ёй завочна больш як шэсьць гадоў таму, калі рыхтавалася да выхаду кніга яе перакладаў “Poems on Liberty”. Вера Рыч пісала лісты пра перакладаныя вершы і пра ўсё на сьвеце. Я была зачараваная яе талентам — фантастычнае спалучэньне творчых азарэньняў і матэматычнай дакладнасьці мысьленьня.
Яркая індывідуальнасьць, шчырая, незалежная і ўнікальная асоба, часам да эксцэнтрычнасьці. Захапляла бліскучае пачуцьцё гумару, якое не пакідала яе і ў самы цяжкі час — гэтак, калі празь некалькі гадоў яна захварэла і праходзіла праз усе этапы апэрацыі і пакутлівай хіміятэрапіі, яна ня страціла вытрымкі і самаіроніі і напісала: “Іронія лёсу, я заўжды змагалася за роўнасьць жанчын, і ўрэшце ператварылася ў аднагрудую амазонку!”
Здавалася, яна здольная перамагчы ўсё і ператварыць нават няшчасьці ў паэзію. Мы страцілі асобу, якая нас любіла і падарыла сьвету як краіну цуду”.