Вера скінула туфлі — яна ніколі не любіла абутак, вопратку, якія заміналі свабодзе рухацца — зрэшты, яна не любіла нічога, што замінала свабодзе, якую яна выбрала сама для сябе — свабодна маліцца, сьпяваць, чытаць, перакладаць, гаварыць, думаць, любіць па-беларуску — ці гэта свабода выбрала яе, калі аднойчы разам з маці яна зазірнула на сьціплае набажэнства ў маленькай царкве, схаванай у лёнданскім раёне Фінчлі, і не змагла не вярнуцца, бо адчула, што гэта яе месца ў сьвеце — і калі яна ўпершыню прыехала ў Беларусь у 1990-м ці 1991-м і мы дома мелі шчасьце два тыдні ашаламляцца, іначай і ня скажаш, яе фантастычнай эрудыцыяй, ад моманту, калі сядалі за сьняданак, да позьняй ночы, калі яна вольна ўзьлягала на канапу пасьля доўгага дня сустрэчаў, вершаў і танцаў — а той танец быў у Доме літаратара, пасьля банкету, калі зайграла музыка і яна пайшла ў скокі з Адамам Мальдзісам, а потым зь іншымі, мяняючы партнэраў, сьпяваючы і сьмеючыся ад шчасьця — па-мойму, адзін туфэль яна зашпурнула некуды так, мы потым так і не знайшлі, што ніяк не паўплывала на настрой — завершанасьць яе цікавіла толькі ў тэкстах — калі празь дзесяць год мы захацелі выдаць кнігу “Верш на Свабоду” па-ангельску, яна, якая ведала, здаецца, усё, засыпала Валянціну Аксак і Аляксандру Макавік такімі шчасьлівымі пытаньнямі пра мэтафарычныя тонкасьці беларускіх паэтаў, пра якія, баюся, яны і самі не падазравалі — яна прызнавала толькі паўнату дакладнасьці і таму, калі перакладала “Пінскую шляхту”, здолела падарыць сваёй першай роднай мове мілае беларускае пажаданьне “Хрэн табе ў вочы!” — уяўляеце, як цяжка дадаць новы арыгінальны сакавіты выраз да мовы піратаў і шэксьпіраў — і я ўжо чуў, як яго ўжываюць ангельцы — і тады, летам 2008-га, я бачыў яе апошні раз, на прэм’еры-чытаньні п’есы — і пасьля мы паехалі ў Фінчлі, і ў мяне не было дробных грошай на квіток, і яна пазычыла тры фунты, якіх я не пасьпеў аддаць, прабач, Вера, я куплю за іх чаго-небудзь моцнага, запрашу сяброў, і мы разам падзякуем табе за пачастунак, які ніякі не апошні, бо толькі пачынаецца твая пасьмяротная слава і нам яшчэ доўга піць і п’янець ад тваёй паэзіі беларускай свабоды.
Самае папулярнае
1