У Лёндане на 74 годзе жыцьця памерла вядомая ангельская перакладчыца Вера Рыч. З 1957 году яна займалася перакладам беларускай літаратуры на ангельскую мову. Успамінамі пра Веру Рыч дзеліцца сябра беларускана ПЭН-цэнтру, паэт Генадзь Бураўкін.
"Гэта вельмі важны і дарагі чалавек для ўсіх пісьменьнікаў Беларусі і асабліва для паэтаў. Бо практычна яна была першым перакладчыкам на ангельскую мову таго пакаленьня, якое цяпер называюць старэйшым, і клясыкаў беларускай літаратуры. Прычым перакладчыкам высокамайстэрскім, перакладчыкам, які працаваў з арыгіналам. Гэта на той час было вельмі і вельмі нячаста.
Пазьней яна прыяжджала сюды да нас, і зусім нядаўна, літаральна пару гадоў таму, мы сустракаліся зь ёй у Лёндане. Акрамя таго, што мы ведалі яе пераклады, мы ўведалі яе як чалавека – чалавека вельмі шчырага і душэўнага. Чалавека, які ня толькі любіў нашу літаратуру, які любіў нашу гісторыю і які любіў нашу Беларусь, а яшчэ які ў меру сваіх сілаў і таленту спрабаваў засьведчыць іншым людзям у сьвеце вось гэтую сваю любоў і веданьне пра нашу родную Беларусь.
Кожны перакладчык – гэта шчодры чалавек, бо ён дзеліцца сваім талентам зь іншымі людзьмі. Яна была шчодрым чалавекам і ў гэтым сэнсе і ў чалавечых, нават пабытовых адносінах. Вера была чалавекам вельмі шчырым. Як паводле майго ўяўленьня, дык яна была больш наша, чым жыхарка далёкага ад нас Альбіёну. І таму згадваючы яе, яе мілае аблічча, усё тое, што зрабіла яна, я веру, што ў лепшы сьвет яна без сумневу возьме нашу вечную ўдзячнасьць і нашу вечную памяць аб ёй”.