“Я вельмі засмучаны весткай пра тое, што ў Лёндане адышла з жыцьця Вера Рыч – наш сябар, сябар Міжнароднай асацыяцыі беларусістаў. Нягледзечы на сваё славянскае імя, яна была англічанкаю, карэннаю англічанкаю і беларускай мовай захапілася выпадкова: прыйшла ў беларускую царкву, паслухала набажэнства на беларускай мове. Нягледзячы на тое, што яна была матэматыкам, у яе было лірычнае ўспрыманьне рэчаіснасьці. Таму яна хутка, неяк нутром, вобразна пачала ўспрымаць беларускую мову і стала перакладаць. Прычым перакладаць якасна: яна перакладала сэнс, яна не рабіла даслоўнага перакладу. Дзякуючы ёй выйшла вялікая анталёгія беларускай паэзіі “Як агонь, як вада”, потым была другая кніга, куды ўвайшлі вершы Багдановіча, Бядулі, Гаруна. Затым былі пераклады Дуніна-Марцінкевіча, Купалы, Коласа.
Акрамя ўсяго іншага, яна была і публіцыстам. Як асабістую балючую вестку яна ўспрыняла Чарнобыльскую трагедыю і выступала ў навуковых ангельскіх часопісах – падкрэсьлю, што ў часопісах па фізыцы, матэматыцы – з артыкуламі, у якіх заклікала дапамагаць ахвярам Чарнобылю.
Акрамя таго, яна сама пісала вершы і вершы на беларускую тэматыку. Яна неаднойчы ўдзельнічала ў кангрэсах Міжнароднай асацыяцыі беларусістаў, выступала тут, у Менску, нават у Ракаў езьдзіла на Ракаўскія чытаньні і там таксама выступала. Ёй не было розьніцы, дзе выступаць і перад кім, для яе было галоўнае, каб яе слухалі. А яе слухалі, бо яна валодала беларускай мовай.
Ад нас адышоў шчыры сябар беларускай літаратуры, беларускай культуры, і думаю, што мы яе будзем памятаць”.