На Кастрычніцкай плошчы ў Менску адбылася акцыя пратэсту супраць выкраданьня актывістаў дэмакратычнага руху. Каля сотні чалавек з паўгадзіны на моцным марозе прастаялі ланцугом, трымаючы ў руках партрэты зьніклых і палітвязьняў, а таксама расьцяжкі: «Не палітычнаму тэрору!» і «Kidnappers must go to the Hague» («Выкрадальнікі — у Гаагу»).
А 6-й вечара на Кастрычніцкай плошчы з сотню ўдзельнікаў акцыі пратэсту супраць выкраданьня актывістаў дэмакратычнага руху пабудавалі жывы ланцуг. Сярод удзельнікаў акцыі — грамадзкія дзеячы, лідэр АГП Анатоль Лябедзька, палітык і перакладчык Лявон Баршчэўскі, актывісты ўсіх моладзевых партый і рухаў, а таксама лідэр кампаніі «Эўрапейская Беларусь» Яўген Афнагель і лідэр «Маладой Беларусі» Артур Фінькевіч.
Менавіта гэтых хлопцаў выкралі людзі ў цывільным з рацыямі і адвезьлі за горад. Артура летась 19 сьнежня схапілі каля пад’езду дома і адвезьлі за 130 км за Валожын. Яўгена сёлета 6 сьнежня схапілі на вуліцы і адвезьлі за 20 км ад Менску.
Яўген Афнагель: «Акцыя тычыцца ня толькі мяне. Акцыя тычыцца ўсіх тых людзей, якіх могуць яшчэ выкрасьці, у дачыненьні да якіх яшчэ могуць быць рэпрэсіі. Мы гэтай акцыяй хочам прадухіліць такія выпадкі.
Хачу падзякаваць журналістам, усім, хто прыйшоў на гэтую акцыю, за тое, што яны праявілі салідарнасьць».
Артур Фінькевіч: «Мне падаецца, што салідарнасьць у беларускім грамадзтве ёсьць. Яе праяўляюць з тымі палітвязьнямі, якія ёсьць у турмах. Гэта й Мікалай Аўтуховіч і Арцём Дубскі.
Салідарнасьць была ў Польшчы, салідарнасьць была ў Чэхіі. Яна была ва ўсіх таталітарных краінах. У выніку рэжымы абрынуліся. Салідарнасьць гэта вялікая штука. Пра гэта ведаюць людзі, якія стаяць тут, і тыя, якія стаяць цяпер насупраць».
Актывіст кампаніі «Эўрапейская Беларусь» Максім Вінярскі дадаў:
«Пратэстуем супраць палітычнага тэрору і падтрымліваем усіх тых, каго трымаюць зьняволенымі за палітычныя перакананьні.
Таксама гэтая акцыя накіравана супраць гвалтоўных выкраданьняў, якія былі раней, гэта Захаранка, Красоўскі. Ганчар, Завадзкі, а таксама тых, якія адбыліся цяпер.
Нас спрабуюць запалохаць тэрорам, сагнаць з вуліц і прымусіць сядзець дома. Мы гэтага рабіць не зьбіраемся».
Сярод удзельнікаў акцыі была й Ірына Халіп:
«Цяпер ідзе кампанія запалохваньня ўсіх, хто, нягледзячы ні на што яшчэ спрабуе рабіць сваю справу, супрацьстаяць гэтаму рэжыму і хаця б распаўсюджваць альтэрнатыўную інфармацыю.
Так што цяпер асабліва безабароннымі становяцца й моладзь, і журналісты, і папросту грамадзкія актывісты кшталту Валерыя Шчукіна. Так што толькі салідарнасьць».
Празь некалькі хвілінаў пасьля пачатку акцыі невядомы малады чалавек стаў у ланцуг і пачаў пазіраваць дзяўчыне з фотаапаратам. Потым ён паглядзеў, як атрымалася, і папрасіў яе сфатаграфаваць яго яшчэ раз. Хлопец стаў за тымі, якія трымалі бел-чырвона-белы сьцяг, сфатаграфаваўся і адразу адышоў.
Малады чалавек патлумачыў: «Папросту я жыву ў Ню-Ёрку і таму хачу там гэта паказаць... Свабоду палітвязьням, каб гэта ведала і Амэрыка і ўсе іншыя...».
Карэспандэнтка: «Эміграцыйныя службы папрасілі?»
Хлопец: «Мяне ніхто не прасіў. Папросту хачу данесьці гэта да жыхароў Беларусі, якія жывуць у Ню-Ёрку».
Увесь час некалькі міліцыянтаў у форме і ў цывільным знаходзіліся побач з удзельнікамі акцыі. Трое супрацоўнікаў міліцыі бесьперапынна паўтаралі ў мэгафон, каб усе разышліся, бо будуць ужытыя сілавыя меры. Але разгону акцыі не было. Большасьць удзельнікаў ланцугу тлумачаць такія дзеяньні ўладаў тым, што заўтра мусіць быць прынятая рэзалюцыя па Беларусі.