Госьць “Начной Свабоды” -- вайсковы аглядальнік Аляксандар Алесін.
СЛУХАЦЬ УСЮ ГУТАРКУ:
Сяргей Абламейка: 14 сьнежня стала вядома, што кіраўнік Беларусі зацьвердзіў новы пералік арганізацый, якія падпарадкоўваюцца дзяржаўнаму вайскова-прамысловаму камітэту. Дакумэнт мае сакрэтны характар. Ад камэнтароў чыноўнікі адмаўляюцца. Як вы гэта пракамэнтуеце? Ці зьвязана гэта неяк з падпісанымі ў Маскве дакумэнтамі?
Аляксандар Алесін: Думаю, што ёсьць, вядома, наўпроставая сувязь, паколькі адзін з важных аспэктаў супрацоўніцтва Беларусі і Расеі – гэта вайсковае супрацоўніцтва, і калі больш дэталёва, вайскова-тэхнічнае супрацоўніцтва. Калі згадаць хаду перамоваў Лукашэнкі і Мядзьведзева, то з тых 8 гадзінаў перамоваў гэтая тэма, паводле прысутных з расейскага баку, займала вельмі шмат часу. Я думаю, што ёсьць непасрэдная сувязь.
Справа ў тым, што цяпер Расея мае патрэбу ў шэрагу тэхналёгій беларускага ВПК, якія страчаныя расейскім бокам
Абламейка: Скажыце, Аляксандар, на вашу думку, Лукашэнка схільны аддаць пад кантроль Масквы беларускую вайсковую прамысловасьць? Ці ня надта?
Алесін: Я думаю, што якраз гэты крок, зацьверджаньне сьпісу прадпрыемстваў і арганізацый, якія падпарадкоўваюцца вайскова-прамысловаму камітэту, і гаворыць пра тое, што дзяржава ўзмацняе свой кантроль над вайскова-прамысловым комплексам. Я думаю, таму, каб тэхналёгіі і самі гэтыя прадпрыемствы ня трапілі пад кантроль расейскага капіталу і, нарэшце, расейскага боку. Лукашэнка гатовы ісьці на супрацоўніцтва толькі ў той ступені, у якой яму гэта выгадна, і, як я думаю, наўзамен за нейкія льготы, саступкі расейскага боку.
Абламейка: Як я зразумеў вашу думку, Расея дзеля захаваньня вайсковага партнэрства зь Беларусьсю гатовая ісьці на далейшыя эканамічныя саступкі Беларусі?
Расея дазваляла бесьперашкодны доступ беларускіх тавараў на свой рынак і давала льготы на энэрганосьбіты. Такі парадак існаваў да прыходу да ўлады Пуціна...
Абламейка: Сёньня ўва ўсіх на слыху сытуацыя вакол арыштаванага ў Тайляндзе самалёта са зброяй, камандзірам якога зьяўляецца грамадзянін Беларусі. Зброя там нібыта паўночнакарэйская. Раней Беларусь была ў лідэрах паводле аб’ёму прададзенай зброі на міжнароднай арэне. А як яна выглядае цяпер у гэтых рэйтынгах?
Алесін: Я думаю, што, вядома, у першыя гады знаходжаньня ва ўладзе цяперашняй каманды на чале з Аляксандрам Лукашэнкам яны ня вельмі думалі пра імідж Беларусі і дастаткова шырока гандлявалі тымі арсэналамі, якія дасталіся ў спадчыну беларускай незалежнай краіне ад Беларускай вайсковай акругі. І засьвяціліся ў многіх апэрацыях гандлю зброяй беларускія мясцовыя гандлёвыя арганізацыі, прозьвішчы многіх дзеячаў былі агучаныя. Паводле некаторых дадзеных, угоды па продажы савецкай зброі дасягалі некалькіх сотняў мільёнаў даляраў . І, паводле зьвестак міжнародных арганізацый, Беларусь трапляла мала ня ў першую дзясятку асноўных сусьветных гандляроў зброяй. Але гэты запас паступова канчаўся, з другога боку, пакупнікі станавіліся ўсё больш прыдзірлівыя, яны хацелі ўсё больш перадавую зброю, і характар гандлю зброяй Беларусі мяняўся.
Калі раней гэта быў вульгарны гандаль зброяй , то цяпер прапаноўваюцца напрацоўкі беларускага ВПК. І яшчэ адно адрозьненьне – у беларусаў цяпер усё часьцей у партнэрах салідныя сусьветныя дзяржавы