У Віцебску паставяць помнік Аляксандру. Мажліва, з сынам

У выставачнай залі.

У віцебскай Музычнай гасьцёўні адкрылася экспазыцыя праекту помніка князю Аляксандру Неўскаму, які ўлады вырашылі ўсталяваць у цэнтры гораду. Аднак ня ўсе наведнікі выставы прыхільна ставяцца да ініцыятывы ўсталяваць помнік гэтай асобе.
У выставачнай залі экспануюцца 11 эскізаў, прапанаваных для грамадзкага абмеркаваньня і разгляду журы скульптарамі зь Віцебску, Полацку і Менску.

Спэцыяліст аддзелу культуры гарвыканкаму Пётар Падгурскі распавёў пра ўмовы ананімнага конкурсу, на якім будзе вызначаны праект помніка Аляксандру Неўскаму, найбольш прыдатны для ўвасабленьня:

«На кожнай працы стаіць нумар, і на кожным пляншэце стаіць нумар. На пляншэтах — выява помніка і прывязкі да мясцовасьці — месца, прыдатнае для помніка. Да прыкладу, вось плошча Тысячагодзьдзя Віцебску. І ў нас ёсьць кніга водгукаў, у яе гараджане могуць запісваць свае ўражаньні ад выставы і пазначаць, які праект, на іхную думку, варты ўвасабленьня.

Напрыканцы сьнежня адбудзецца пасяджэньне журы, якое азнаёміцца з допісамі гараджанаў і назаве нумар упадабанага праекту. Тады й стане вядома, які аўтар зашыфраваны пад гэтым нумарам.

У кнізе водгукаў пакуль што запісаў усяго пяць. І ўжо тры зь іх — гэта пратэст грамадзкасьці Віцебску супраць усталяваньня помніка Аляксандру Неўскаму. Ёсьць, да прыкладу, такі запіс: «Помнікі расейскім князям, мажліва, і патрэбныя, але ці ў Беларусі? Дзе і калі плянуецца паставіць помнік Касьцюшку? Пытаньні ёсьць, адказаў няма».

Такі помнік аўтар прапануе паставіць на Плошчы Перамогі
Князь Аляксандар Неўскі, мусіць, у сталым веку
Запіс у Кнізе водгукаў


У гэтай жа кнізе ёсьць водгукі і на папярэднюю выставу. Тутсама, у Музычнай гасьцёўні, экспанаваліся праекты помнікаў княгіні Вользе, якая паводле некаторых крыніцаў лічыцца заснавальніцай Віцебску, але гістарычнай навукай гэты факт не пацьверджаны. Гараджане пісалі, што такі помнік ставіць ня варта, і конкурс фактычна праваліўся: журы абвясьціла, што калі-небудзь будзе другі тур, і аўтары пазабіралі свае працы.

Што да Аляксандра Неўскага, то гістарычнай прывязкай да Віцебску арганізатары палічылі тое, што ён пабраўся шлюбам з полацкай княжной Параскевіяй (Аляксандрай), і адбылося гэта, верагодна, у віцебскай Дабравешчанскай царкве. А яшчэ князь Наўгародзкі і Ўладзімерскі прыяжджаў у Віцебск, каб забраць сына-падлетка, які выхоўваўся ў тутэйшым манастыры.

Менавіта таму некалькі скульптураў увасабляюць двух вершнікаў на адным кані — сталага мужчыну і дзіця. Наведнікі выставы кажуць пра свае асацыяцыі з Аляксандрам Лукашэнкам і ягоным сынам, якія часта разам падарожнічаюць. Ёсьць выявы, дзе герой стаіць асобна, трымаючы меч, але большасьць скульптур — усё-ткі конныя.

Адна з наведніц, спыніўшыся каля макету, дзе Аляксандар Неўскі едзе на кані зь дзяўчынай, увогуле заявіла, што дзецям такі помнік паказваць нельга, бо ён задужа натуралістычны і нават эратычны:

«Я глядзела фільм „Аляксандар Неўскі“. Так, у яго быў конь. Але ў яго тое-сёе ўсё ж прыбраць бы. І вось дзяўчына — магла б руку не сюды пакласьці, а хаця б крыху вышэй. Вось як дзеці будуць глядзець, калі такую скульптуру ў гoрадзе паставіць і яна будзе павялічанай копіяй вось гэтага?»

Аляксандар Неўскі з сынам
Сюжэт князя з сынам падлеткам досыць папулярны ў скульптараў
Гэтая выява дужа зьбянэжыла наведніцу

Мастачка Сьвятлана Баранкоўская, якая шмат працавала над вобразамі гістарычных асобаў, лёс якіх зьвязаны зь Віцебскам, лічыць, што справа не ў анатамічных падрабязнасьцях, занадта выразна паказаных аўтарамі:

«Неўскі мае дачыненьне да Віцебску яшчэ меншае, чымсьці тая Вольга. Таму й не атрымаўся помнік. Мастак ня можа працаваць, калі не адчувае повязі з тым, што робіць, якія б інтэграцыйныя мэты ў яго ні былі. Нічога не атрымаецца, таму што як няма праўды — дык няма й помніка».

Your browser doesn’t support HTML5

Мастачка С.Баранкоўская пра помнік Неўскаму


Сьвятлана Баранкоўская лічыць, што слушней было б паставіць у Віцебску помнік князю Альгерду.