У Менску засядалі інтэграцыйны камітэт і камісія Мытнага саюзу

Падчас пасяджэньня Інтэграцыйнага камітэту Эўразійскай эканамічнай супольнасьці.

Перад паседжаньнем міждзяржаўнай рады Эўразійскай эканамічнай супольнасьці, якое прызначана на 27 лістапада, у Менску прайшлі паседжаньні інтэграцыйнага камітэту Эўразійскай эканамічнай супольнасьці і камісіі Мытнага саюзу.
Плянаваныя выхады да прэсы кіраўнікоў дэлегацыяў па выніках працы былі ануляваныя, што ўспрымалася як прыкмета пэўных супярэчнасьцяў і няпэўнасьці. Відавочна, што асноўныя рашэньні могуць прыняць толькі прэзыдэнты.

Плянаваныя выхады да прэсы кіраўнікоў дэлегацыяў па выніках працы былі ануляваныя.





Паседжаньне камісіі Мытнага саюзу праходзіла ў два этапы — у вузкім і пашыраным складзе. І пачалося яно з паведамленьня, што цягам апошняга тыдня беларускі бок прапанаваў дадаць у парадак дня міждзяржаўнай рады яшчэ тры пытаньні — аб бесьперашкодным руху тавараў, аб адзінай эканамічнай прасторы і фармаваньні адзінай мытнай тэрыторыі. Нават узьнікла прапанова, каб расейскі прэзыдэнт раней прыляцеў у Менск, бо ёсьць пытаньні, якія трэба абмеркаваць утрох. Аднак кіраўнік расейскай дэлегацыі сказаў, што Дзьмітрый Мядзьведзеў — заняты чалавек і раней прыехаць ня зможа.

Чакаецца, што 27 лістапада будуць падпісаныя асноўныя дакумэнты аб стварэньні Мытнага саюзу “трох” — аб адзіным мытным тарыфе і Мытны кодэкс. Ад 1 ліпеня будучага году плянуецца скасаваць неабходнасьць мытнага афармленьня.

Намесьнік генэральнага сакратара ЭўразЭС Сяргей Глазьеў назваў гэтыя дакумэнты “лёсавызначальнымі”.

Паводле кіраўніка цэнтру Мізэса Яраслава Раманчука, уся эпапэя з Мытным саюзам ня больш, чым піяр-акцыя:

“Кожны з прэзыдэнтаў краінаў, якія ўдзельнічаюць у гэтым праекце, мае свае інтарэсы. У нас ёсьць вялікая гісторыя падпісаньня розных лёсавызначальных дамоваў — нічога не запрацавала. Тыя ж самыя людзі, установы, аднолькавыя словы, палітычнай волі сёньня няма. Спадар Лукашэнка і прадстаўнікі яго ўраду казалі, што яны бачаць у Мытным саюзе найперш энэргетычныя тавары. Расейскі бок сказаў, што нафта і газ не падпадае пад Мытны саюз, будуць толькі нейкія льготы. Мытны саюз з Казахстанам для Беларусі — гэта наагул нейкая недарэчнасьць, бо краіны маюць менш за адзін адсотак гандлёвага абароту. Таму пад фанфары будуць падпісаныя гэтыя дамовы, а потым кожны паедзе дахаты рабіць сваю працу найперш па пратэкцыянізьме”.

Падчас паседжаньня інтэграцыйнага камітэту Эўразэс было паднятае пытаньне аб адзіным тэхнічным рэглямэнце. Пасьля таго як кіраўнік расейскай дэлегацыі Ігар Шувалаў выклаў канцэпцыю працы, віцэ-прэм’ер Беларусі Андрэй Кабякоў сказаў:

“Ігар Іванавіч, у мяне склалася ўражаньне, што ў нас могуць быць праблемы, з улікам гэтай вашай канцэпцыі, з падпісаньнем пяці пагадненьняў у Санкт-Пецярбургу”.

Сярод іншага бакі пагадзіліся выдзеліць 40 тысяч даляраў за лекаваньне аднаго з супрацоўнікаў апарату супольнасьці ў ЗША. Хаця й тут у беларускага боку ўзьніклі пытаньні: чаму не было страхоўкі пры выезьдзе за мяжу. Урэшце сёньняшнія паседжаньні скончыліся фуршэтам.

Генэральны сакратар ЭўразЭС Таір Мансураў заявіў журналістам, што стварэньне Мытнага саюзу не адмяняе канкурэнцыі паміж беларускімі, казахстанскімі і расейскімі таварамі. Якія тут пэрспэктывы ў Беларусі? Яраслаў Раманчук нагадвае, што беларускі ўрад дагэтуль разгружае склады:

“Калі мы бачым, як бароніцца беларуская намэнклятура супраць канкурэнцыі нават расейскіх тавараў, то выснова адна: нашы тавары неканкурэнтаздольныя”.