У сувязі са сьмерцю юрыста Hermitage Capital Сяргея Магніцкага у шпіталі сьледчага ізалятара "Матроская цішыня" Сьледчы камітэт пры Генпракуратуры РФ завёў крымінальную справу паводле двух артыкулаў – "Неаказаньне дапамогі хвораму" і "Нядбайнасьць". Абставіны сьмерці Магніцкага абмяркоўвалася падчас сустрэчы прэзыдэнта Расеі з праваабаронцамі. Мядзьведзеў даручыў генэральнаму пракурору і міністру юстыцыі разабрацца з тым, што адбылося.
37-гадовы юрыст фонду Hermitage Capital Сяргей Магніцкі памёр у сьледчым ізалятары 16 лістапада.У якасьці меркаваных прычынаў сьмерці называлі таксычны шок і вострую сардэчную недастатковасьць. А ўжо ва аўторак агенцтва "Інтэрфакс" са спасылкай на крыніцу ў праваахоўных органах паведаміла, што пракуратура падрыхтавала заключэньне пра тое, што Сяргей Магніцкі памёр ў шпіталі СІЗА "Матроская цішыня" ад сардэчнай недастатковасьці.
Сяргей Магніцкі правёў у сьледчым ізалятары крыху менш за год. Яго, а таксама кіраўніка Hermitage Capital Уільяма Браўдэра абвінавачвалі ва ўхіленьні ад сплаты падаткаў з арганізацыі ў асабліва буйным памеры. Сьледзтва лічыць, што Магніцкі і Браўдэр стварылі крымінальную схему аптымізацыі падаткаў, у выніку чаго расейскі бюджэт недаатрымаў больш за 500 мільёнаў рублёў. У адказ на заведзеную крымінальную справу фонд абвінаваціў ў махлярстве расейскіх чыноўнікаў і супрацоўнікаў сілавых структураў.
Сяргей Магніцкі, у прыватнасьці, расьсьледаваў выпадкі карупцыі мэнэджмэнту ў кампаніях, у якія фонд інвэставаў (Hermitage спэцыялізаваўся на такіх карпарацыях, як "Газпром", Сбербанк, "Роснефть", "Сургутнефтегаз").
Рэктар Расейскай школы эканамічнай школы Сяргей Гурыеў перакананы ў тым, што Сяргей Магніцкі закрануў інтарэсы высокапастаўленых карупцыянэраў.
"Гэтыя людзі, гледзячы па ўсім, дамагліся кампэнсацыі з расейскага бюджэту больш за 5 мільярдаў рублёў па абсалютна фальшывым дакумэнтам. І ў гэтым сэнсе Сяргей Магніцкі працаваў на расейскіх падаткаплатнікаў.
Паводле жахлівага зьбегу абставінаў менавіта на гэтыя падаткі ўтрымлівалі тых людзей, якія катавалі яго (інакш нельга назваць адмову ў лячэньні – гэта катаваньне) ў расейскай турме".
Паводле кіраўніцы фонду "Грамадзкі вэрдыкт" Натальлі Таўбінай, сьмерць чалавека ў расейскім сьледчым ізалятары з прычыны непрадастаўленьня мэдычнай дапамогі – справа, калі і не звычайная, але прынамсі, не выключная.
Адвакаты і калегі Сяргея Магніцкага ўжо заявілі журналістам, што правядуць ўласнае расьсьледаваньне абставінаў ягонай сьмерці.
Больш падрабязна чытайце пра гэта сайце рускай службы Радыё Свабода.