Навошта ехаць у Швэйцарыю? (4)

Жэнэва – Бэрн Гэта апошнія пункты майго маршруту. Бэрн – сталіца швэйцарскай канфэдэрацыі, якая адначасна лічыцца самым швэйцарскім горадам краіны. Жэнэва, наадварот, самы нешвэйцарскі горад. У канфэдэрацыі яе яшчэ завуць “эўрапейскай сталіцай сьвету”. Там знаходзіцца эўрапейская штаб-кватэра ААН. Адтуль ажыцьцяўляе сваё кіраваньне гуманітарнымі праграмамі Міжнародны Чырвоны Крыж і іншыя міжнародныя арганізацыі. Нягледзячы на наяўнасьць шматлікіх інтэрнацыянальных штаб-кватэраў, Швэйцарыя не ўваходзіць ува ўсе гэтыя арганізацыі, дэманструючы такім чынам сваю незалежнасьць і аўтарытэт...



Мой шлях у Жэнэву, дзе ў асьпірантуры мясцовага ўнівэрсытэту вучыцца мой сын, пралёг празь Вільню... Рыгу... Цурых... Лязану. Да майго адлёту назад дадому застаецца ўсяго некалькі дзён. А я, акрамя Жэнэвы і Бэрну, хацела б яшчэ ўбачыць і Базэль. Швэйцарцы клясыфікуюць яго як “не зусім ці ня чыста швэйцарскі горад”, маючы на ўвазе ня толькі экалёгію, але й тое, што Базэль знаходзіцца акурат на мяжы Нямеччыны і Францыі і гэткім чынам знаходзіцца пад вялікім уплывам абедзьвюх гэтых дзяржаў і абодвух народаў.




Жэнэўская камуналка на бульвары філёзафаў

Гэты дом знаходзіцца непадалёк ад унівэрсытэту, у цэнтры Жэнэвы. У адрозьненьне ад большасьці суседніх будынкаў, якім некалькі стагодзьдзяў, гэты і яшчэ некалькі побач зь ім пабудаваныя на пачатку 1960-х. У гэтых забудоў пляскатыя дахі. Такая акалічнасьць асабліва вабіць маладых кватэранаймальнікаў. У цёплы час там, на даху, прынята ладзіць грылі. У гэтым доме, у адной з камуналак, якія здаюцца для замежных асьпірантаў і студэнтаў, і жыве мой сын. У кватэры – пяць пакояў. Таксама вялікія душавыя і адна таксама вялікая кухня-сталоўка. Акрамя сына, у камуналцы яшчэ чацьвёра наведнікаў. Мадзяр і японка займаюцца ў кансэрваторыі, дзьве канадкі з правінцыі Квэбэк, якія нядаўна зьмянілі былых жыхароў – бразыльца і італьянца, – вывучаюць сацыяльныя навукі. Мой сын – адзіны асьпірант у гэтай камандзе, аднак у свае 24 гады зьяўляецца наймаладзейшым сярод сваіх знаёмых. Шлях заходніх студэнтаў ад пачатку вучобы да напісаньня дыплёму куды больш працяглы ды складаны.


За год вучобы сына ў Жэнэве ў гэтай камуналцы пабывалі яго шматлікія сябры і сяброўкі зь Менску, Бэрліну, Стакгольму, Осла... За кожны дзень знаходжаньня госьця ў пакоі камуналкі трэба плаціць дадатковыя пяць франкаў. Сябры, паводле існуючай практыкі, зразумела, жылі “зайцамі”. Са мной жа як з чалавекам больш салідным усё праводзіцца афіцыйна. Гаспадыня дому запісвае мае дадзеныя ў кампутар, перапытвае некалькі разоў маё імя і прозьвішча і пры канцы размовы ўжо называе маё імя, далучыўшы да гэтага слова “мадам”. Кажуць, у крыві швэйцарцаў памятаць усе пэрсанальныя імёны людзей, зь якімі яны кантактуюць. Тое ж самае тычыцца тэлефонных размоў. Тэлефануючы ў любое месца, у тую ж чыгуначную даведку, швэйцарац называе сваё імя і прозьвішча. Яго суразмоўца, разьвітваючыся зь ім, проста мусіць сказаць “да пабачэньня” і назваць свайго абанэнта па імені.

...Для замежных студэнтаў і асьпірантаў, якія яшчэ не завялі ўласных сем'яў, такія камуналкі да таго ж і самы танны від жытла ў гэтым адным з самых дарагіх гарадоў сьвету. Штомесячная плата за пакой складае 750 франкаў (прыкладна 750 даляраў). Пасьля выплаты падаткаў, страхоўкі ад стыпэндыі застаецца зусім няшмат.

Звычайна камуналка пусьцее ўжо а 8-й раніцы, калі студэнты сыходзяць на заняткі, і ажывае пасьля 8-й вечара. Янаш, якому дазволена рабіць музычныя практыкаваньні на флейце дома, бадай, адзіны больш-менш сталы наведнік кватэры.

Мадзярскі Янаш неўзабаве канчае вучобу ў Жэнэве. Сваю будучыню ўяўляе цьмяна. Для таго, каб застацца працаваць у Жэнэўскім сымфанічным аркестры, зь якім за час навучаньня пабываў у шматлікіх замежных турнэ, ён, паводле мясцовых законаў, павінен як спэцыяліст зарабляць найменей 3 тысячы франкаў. Для маладога музыканта гэта нерэальна.

Кавярня на бульвары Філёзафаў


Дадому вяртацца Янаш ня хоча: “Вы ведаеце, якая сытуацыя з клясычнай музыкай цяпер ва Ўсходняй Эўропе”.

Янаш частуе мяне ім самім прыгатаваным вугорскім пірагом. Кажа, што ён вельмі любіць паесьці (да гэтага яго прывучылі ягоныя бабуля і маці), а таму тут у Жэнэве быў вымушаны асвойваць кулінарнае мастацтва. Дарэчы, распавядае Янаш, мой сын таксама добра гатуе. Частаваў усіх беларускай ежай. Па сутнасьці, сярод заходнеэўрапейцаў частаваць ня надта прынята, ініцыятыва ў кватэры звычайна ідзе менавіта ад гэтых двух усходнеэўрапейцаў. Хаця ядуць усе і з задавальненьнем.

Кладу на стол тры чорныя боханы – беларускі, літоўскі і латыскі, якія падарожнічалі са мной праз усю Швэйцарыю. Усе яны, дарэчы, добра захаваліся. Латыскі, як выглядае, найлепш.

Чорны хлеб Янашу падаецца вельмі смачным. Асабліва зь белавескім сырам. Дарэчы, швэйцарцам лепш не гаварыць пра тое, што ты прывёз нейкі замежны сыр у іх краіну. Гэта будзе ўспрымацца як абраза.

Swinglish ды іншыя мовы Жэнэвы

Самы нешвэйцарскі горад канфэдэрацыі і самы інтэрнацыянальны горад Эўропы разам з прыгарадамі мае каля 400 тысяч насельніцтва. Вонкава ён робіць ўражаньне горада-мільёньніка.

Помнік ля ААН


Найбольш распаўсюджаная мова ў Жэнэве – француская. Швэйцарская француская і ўласна француская. Паводле майго сына, які працуе ў адной лябараторыі разам са швэйцарскімі і аўтэнтычнымі французамі, мовы гэтыя адрозьніваюцца. Швэйцарскія французы, як швэйцарскія італьянцы, немцы значна больш павольныя за “сапраўдных” французаў, італьянцаў і немцаў. Ім падаецца, што прадстаўнікі гэтых трох краін размаўляюць на іх родных мовах занадта хутка і да таго ж недастаткова артыкулююць асобныя словы.

Са сваімі калегамі сын камунікуе пераважна па-ангельску. Гэта галоўная мова Жэнэўскага ўнівэрсытэту. Дарэчы, у Жэнэве на ёй размаўляе пятая частка жыхароў. Адной з распаўсюджаных формаў гэтай мовы ў Швэйцарыі зьяўляецца Swinglish – дзіўны гібрыд ангельскай мовы і швэйцарскага ўяўленьня пра яе. Швэйцарцы-франкафоны, напрыклад, на ангельскі лад вымаўляюць францускія словы, думаючы, што гэта ангельскія. Тое ж самае тычыцца і нямецкамоўных швэйцарцаў. Ёсьць ангельскія словы, якім швэйцарцы надаюць сваё ўласнае, крыху адменнае ад арыгіналу значэньне. Напрыклад, на швэйцарскай ангельскай “trainer” – гэта трэніровачны касьцюм, а ня трэнэр ці красоўка, як насамрэч. На ангельскі лад ствараюцца і многія словы моваў Швэйцарскай канфэдэрацыі. Напрыклад, слова “handy”, якое для нямецкамоўных швэйцарцаў азначае “мабільны тэлефон”...

Парк ля возера


Асабіста я не разумею ні францускай, ні Swinglish. На маю ангельскую адгукаюцца далёка ня ўсе мінакі. Аднак камунікаваць на жэнэўскіх вуліцах патрэбна, бо, нягледзячы на наяўнасьць мапы гораду, я належу да тых, каго называюць Topographical crazy. Тэрмінова вучу па-француску словы “лева”, “права”, “уперад”, “назад”, а таксама “дзе” і “як”, “так” і “не”. Складаю дэбільныя сказы кшталту – “Вуліца... – дзе? Гэта направа ці налева? Так ці не?”

З адным з такіх пытаньняў зьвяртаюся да мясцовага таксіста. Ён захоплены размовай зь нейкай маладой сымпатычнай дзяўчынай і таму не адразу разумее, што я хачу ў яго спытаць.

Нечакана жанчына пераймае ініцыятыву і пытаецца: “Вы размаўляеце па-ангельску? Тады давайце пяройдзем дарогу. Там насупраць у парку гуляе зь дзіцем мой муж, які цудоўна размаўляе па-ангельску. Ён вам і растлумачыць, дзе знайсьці гэтую вуліцу”.

Заўважыўшы мужчыну зь дзіцячым вазком, жанчына ўжо па-расейску крычыць:

– Яша, иди сюда. Объясни человеку, как пройти на улицу...?
– Я объясню, но вначале скажи, где ты всё это время швендалась?
– Так ты объяснишь или не объяснишь?
– Да объясню я! Но не понимаю, где можно так долго швендаться?”
– Не понимаешь и не поймешь! Ты видишь человека?!
– Вижу! Что ты ко мне пристала. Надо объяснить,так объясню. Как не фиг делать!

На выдатнай ангельскай Яша ветліва тлумачыць:

“Ідзяце праз парк, потым паварочваеце на маленькай вулачцы налева, потым направа, потым бачыце невялікі завулачак, ідзяце па ім уніз...”

Вядома, на запамінаю й паловы. Аднак не раскрываюся. Даю сужэнцам магчымасьць высьветліць іх дачыненьні.

Жэнэўскія славутасьці і жэнэўская ленініяна


Жэнэўскі парк

Камунікайцыная абмежаванасьць, тым ня менш, не перашкаджае ўбачыць галоўныя жэнэўскія славутасьці, ды і не галоўныя таксама. Па-першае, галоўныя сымбалі гэтага мэтраполісу. Адзін зь іх, кветкавы гадзіньнік, які да таго ж сымбалізуе ўсю гадзіньнікавую індустрыю краіны, знаходзіцца ў Ангельскім садзе. Другі – 140-мэтровы фантан “Jet d’eau”, які сымбалізуе імкненьне чалавечага духу да нябёсаў, на Жэнэўскім возеры. Яшчэ адзін не зусім звычайны помнік – ахвярам супрацьпяхотных мінаў – велізарнае крэсла на трох ножках стаіць перад будынкам ААН.



Там жа вывешаныя сьцягі краін-удзельніц гэтай арганізацыі. Швэйцарскага зь белым крыжам на чырвоным фоне сярод іх няма. Думаю, аднак, пра іншае. Спалучэньне чырвонага і белага колераў на сьцягах, якія азначаюць каханьне і высакароднасьць, характэрныя для нацыянальных сьцягоў многіх народаў – беларусаў, латышоў, аўстрыйцаў, грузінаў... Адны і тыя ж ідэалы і зусім розныя вынікі...

Калі ісьці ад ААН па трамвайных рэйках, то хвілінаў праз 15 убачыш Нотр-Дам. Вядома, ён не падобны да парыскага. Што з жэнэўскага падобнае да парыскага, дык гэта будынак опэры.





Не магу адмовіць сабе і ў прагулцы па ленінскіх мясьцінах. У Жэнэве ён пражыў агулам чатыры гады і сьлядоў пакінуў нямала. Напрыклад, кватэра, якую ён здымаў на вуліцы Плянтпарэ, ці ўнівэрсытэцкі парк непадалёк ад бульвару філёзафаў. Тут, паводле сьведкаў, Ільліч любіў гуляць у шахматы. У шахматы ў парку гуляюць і дагэтуль. На асфальце намаляваная шахматная дошка, па якой шахматысты рухаюць велізарныя шахматныя фігуры. Калі б жэнэўскія аматары гэтай старажытнай гульні больш ведалі і больш шанавалі Ільліча, то яны б, безумоўна, пэрсаніфікавалі гэтыя фігуры ў гонар тых расейскіх рэвалюцыянэраў, якія жылі там на пачатку XX стагодзьдзя. Ленін, зразумела, быў бы каралём, Крупская – фэрзем. Бонч-Бруевіч і Троцкі – адпаведна сланом і канём. Усе, хто ехаў зь Ільлічом у заплямбаваным вагоне са Швэйцарыі ў Расею ўвесну 1917-га, – безумоўна, пешкі.

Аднак жэнэўскія гарадзкія шахматысты ня ведаюць пра гэтых людзей, а таму й рухаюць па дошцы сланамі ды канямі... Мая швэйцарская Ленініяна, аднак, на гэтым не канчаецца.