Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навошта ехаць у Швэйцарыю? (3)



Цурых-Жэнева


З Цурыху ў Жэнэву еду цягніком. Самі швэйцарцы называюць гэты від падарожжаў вельмі камфортным і эканамічным для турыстаў. Сапраўды, усё прадумана да дробязяў. Можна не цягаць за сабой валізкі – тыя будуць ехаць асобна, па патрэбным маршруце. Вы ж зможаце сысьці на любой станцыі, паглядзець усе краявіды,а потым працягваць вандроўку наступным цягніком. Калі часу няшмат і да таго ж хочацца паболей зэканоміць, лепш набываць прамы электронны квіток, бязь зьмены часу і даты паездкі, з указаньнем пашпартных дадзеных.


Штодня швэйцарская чыгунка выкідвае эксклюзіўныя прапановы са скідкай дзесьці да 30%. У выніку замест 160 швэйцарскіх франкаў (амаль 160 амэрыканскіх даляраў) за квіток плаціш 100 зь нечым. Канешне, ня танна. Аднак Швэйцарыя, увогуле, вельмі дарагая краіна. Ня будзем забывацца, што швэйцарскім прадпрымальнікам належыць плаціць самую дарагую пагадзінную плату ў сьвеце. Чула, што работнік у краме за гадзіну працы атрымлівае каля 20 франкаў. Дарэчы, швэйцарцаў, якія наведваюць Беларусь, таксама ўражваюць нашы кошты ды заробкі.

Мой шлях пралягае праз “Ростыграбэн” (Roestigraben ). Тэрмін, які прыдумалі швэйцарскія журналісты, азначае “роў са смажанай бульбай”. Асабліва, гэтую бульбу “Roestі” любяць бэрнцы. Па сутнасьці “Ростыграбэн” азначае шлях праз адну з унутраных межаў Швэйцарыі, якая ўмоўна падзяляе павольных і малаўсьмешлівых нямецкамоўных швэйцарцаў ад больш спрытных і вясёлых франкафонаў. Турысту ў часе чыгуначнага падарожжа гэтая мяжа мала кідаецца ў вочы. Праваднікі ўвесь час зьвяртаюцца да вас па-нямецку і француску, у дадатак яшчэ і па-ангельску. На чыгуначных прыпынках можна ўбачыць надпісы ўвогуле на чатырох мовах (дадаецца яшчэ адна афіцыйнай мова Канфэдэрацыі – італьянская). Штосьці кшталту таго, што нельга сыходзіць з плятформы на рэйкі. Як кажа мая выпадковая спадарожніца, падобны надпіс можна было б зрабіць толькі па-ангельску, ніводзін нармальны швэйцарац на рэйкі не палезе.

Даведаўшыся, што я прыехала ў Швэйцарыю і да таго ж на вельмі кароткі тэрмін, маладая жанчына раіць мне перайсьці зь першага паверху вагона на другі, дзе з вокнаў можна ўбачыць значна болей. “Чыгуначны шлях з Цурыху ў Жэневу вельмі прыгожы”, кажа яна. Сапраўды, відовішча непаўторнае. Як гаварыў муж маёй латыскай сяброўкі, “у Заходняй Эўропе шмат чаго аднолькавага: цэрквы, дамы, дахі, каровы, людзі, размовы. Толькі швэйцарская прырода ўнікальная”.



Лязана-Люгана-Лякарна-Люцэрн


Маю спадарожніцу завуць амаль як і мяне – Эленай. Яна з італьянскай часткі Швэйцарыі – Лякарна. Продкі яе бацькі паходзяць з Францыі, а маці – з Італіі. Элена гаворыць на літаратурнай нямецкай “Hochdeutsch”.

“Па сутнасьці, у мяне дзьве родныя мовы, – распавядае жанчына. – Калі ў школе мне прыйшлося выбіраць, якую з абавязковых швэйцарскіх моваў вывучаць далей, я выбрала нямецкую. Хаця бацькі раілі францускую. Мне б было значна лягчэй вучыцца. Аднак цяпер я вельмі ўдзячная свайму выбару...”

Цяпер Элена жыве ў Лязане, сталіцы аднаго з францускамоўных кантонаў. Паводле спэцыяльнасьці яна сацыяльны пэдагог. Працуе з так званымі “вулічнымі дзецьмі”, пераважна з эмігранцкіх сем’яў. Шмат праектаў робіць па лініі UNICEF.

Элена расказвае, што спачатку вывучала эканоміку. Дзесьці пасьля 5-га сэмэстру зразумела, што гэта не яе.

“Я проста не магла адказаць сабе на пытаньне: чаму швэйцарская эканоміка функцыянуе, – сьмяецца спадарожніца. – З гледзішча дзейных законаў гэта немагчыма. Краіна – замкнёная, аб’ём унутранага рынку меншы, чым у Маскве, у краіне практычна няма аніякіх прыродных рэсурсаў, адсутнічаюць гарантаваныя рынкі збыту ў эканамічных зьвязах, да таго ж людзі размаўляюць на чатырох мовах – нямецкай, францускай, італьянскай, рэтараманскай...”

Паводле Элены, жыхары кожнага асобнага рэгіёну Швэйцарыі атаясамліваюць сябе выключна як цурыхцы, бэрнцы, люганцы, лязанцы і гэтак далей... Зразумела, яны лічаць сабе лепшымі за прадстаўнікоў ўсіх астатніх кантонаў.
Сама Элена перакананая, што найлепшыя са швэйцарцаў - лякарнцы. Яна просіць ня блытаць гэты горад Лякарна зь іншым горадам яе роднага кантону Белінцона - Люганам. А тым больш зь нямецкамоўным Люцэрнам. Жыхары Лякарна самыя гасьцінныя, шчырыя і вясёлыя людзі ў Канфэдэрацыі... Ні ў якім іншым кантоне так добра не гатуюць ежу. Хіба што ў піцэрыі ля яе дома ў Лазане, дзе гаспадар італьянец.

Пытаюся, ці не выклікае суседзтва такіх разных мэнталітэтаў – нямецкага, гальскага і лацінскага – нейкіх абвастрэньняў у нацыянальных стасункаў. Кшталту тых, якія назіраюцца ў той жа Бэльгіі. Элена адказвае адмоўна. На яе думку, на яе думку ў канфэдэрацыі многае рэгулюе такі інструмэнт, як інстытут рэфэрэндумаў, які праводзяцца кожныя тры месяцы.

Уся Швэйцарыя - ленінская


Адзін зь безумоўных плюсаў швэйцарскіх чыгуначных вагонаў – бясплатны Wi-Fi. У паштовай скрынцы на маім ноўтбуку бачу некалькі новых электронных паведамленьняў. Сын, які цяпер у Жэнэве і ня ведае, калі я буду ў яго дакладна, на ўсялякі выпадак паведамляе, дзе я магу ўзяць ключы ад хаты. Другі ліст ад нядаўняга знаёмца з цурыхскай кавярні Turm, што на Spiеgelgasse.

Ён піша, што працуе над маім пытаньнем, то бок спрабуе знайсьці цяперашніх насельнікаў кватэры, якую калісьці здымалі сужэнцы Ульянавы. Увогуле ленінскія кватэры існуюць па ўсёй Швэйцарыі. Раней, калі існаваў СССР, яны знаходзіліся пад патранажам савецкай амбасады. З развалам Саюзу, многае зьмянілася. Хто цяпер зьяўляецца ўласьнікам – невядома, аднак плошча здаецца кватэранаймальнікам. Е-mail стракаціць клічнікамі ў чырвонай фарбе. Указваюцца гарады, дзе Ленін бываў найчасьцей або так званыя гнёзды расейскага бальшавізму. Гэта Жэнэва, Лязана, Бэрн… Карацей, маршрут, па якім я еду. Таксама паведамляецца, што вялікі энцыкляпэдыст ды знаўца мастацтва не наведваў мясцовых музэяў і тэатраў. У бібліятэках, сапраўды, бываў часта. Сярод найчасьцей чытаных ім кніг твораў пра мастацтва не было. Хіба што пра ваеннае мастацтва, таксама былі кнігі пра Францыю і Парыскую камуну, творы Маркса і Энгельса аб рэвалюцыйным паўстаньні...

Лязана ў сьпісе ленінскіх гарадоў выдзелена асобна. Тут адбылося знаёмства Леніна з Мусаліні.


Даю прачытаць ліст Элене.

У адказ яна прапануе выйсьці разам зь ёй у Лязане. Узгадвае, што гаспадар італьянскай піцэрыі, якая побач зь яе домам, шмат чаго ведае пра Мусаліні. “Напэўна ж, мусіць ведаць і пра Леніна”. Да таго ж, кажа Элена, Лязану проста неабходна наведаць. Гэта ня проста прыгожы горад. Тут робіцца найлепшае віно ў краіне. Калі б швэйцарцы экспартавалі свае віны, гэта быў бы не найгоршы брэнд. Аднак краіна вырашыла выпіваць усё сама.

Па сьлядах аднаго сяброўства


Гістарычны цэнтар Лязаны, дзе жыве мая знаёмая, разьмешчаны на ўзгорках, у нізіне ж знаходзіцца ня меншая славутасьць гораду, паўднёвая частка Жэнэўскага возера. Дарэчы, самі швэйцарцы называюць яго Леман. У гэтым возеры Элена купаецца штодня пры любым надвор’і і гэткім чынам, як яна кажа, змагаецца са сьвіным грыпам. Некалькі гадоў таму яна гэтак жа сама змагалася з грыпам птушыным.



Дарэчы, у канцы кастрычніка швэйцарцы неяк занадта спакойна ставіліся да паведамленьняў СМІ аб наступе гэтай хваробы. Большая частка насельніцтва была перакананая, што ў падобных выпадках трэба спадзявацца толькі на ўласны арганізм. У прэсе зьявілася нямала крытыкі на адрас створаных фармаколягамі вакцынаў супраць вірусу A/H1N1. Выказваліся меркаваньні адносна іх шкоднасьці ў дачыненьні да дзяцей, цяжарных жанчын і людзей пасьля 60-ці. Палеміка працягвалася, пакуль улады не прынялі афіцыйнай пастановы аб абмежаваньні вакцынацыі.



Шлях да возера, куды трэба спусьціцца па лесьвіцы з мноствам прыступак, выглядае нескладаным. А вось уздым у горад даводзіцца рабіць па яшчэ большай колькасьці крутых лесьвіц. Калі спыняесься і глядзіш назад, бачыш выключна дахі. Параўноўваеш сябе з Карлсанам. Толькі той лётаў, а я ледзь паўзу. Нарэшце, апынаемся ля дома Элены, дзе яна здымае невялікую кватэру – студыю.

За яе Элена плаціць каля 800 франкаў у месяц. Па швэйцарскіх мерках, гэта ня шмат. У Жэнэве ці Цурыху такая б студыя магла каштаваць і 1000.

Піцэрыя, якую італьянскія сваякі жанчыны называюць адзіным месцам у Швэйцарыі, дзе могуць рабіць сапраўдную піцу, сапраўды, побач з домам.

Гаспадара і знаўцы Мусаліні, як высьвятляецца, на месцы няма. Зьехаў у Італію Аднак уся ягоная каманда, як і наведнікі рэстарацыі, з
задавальненьнем расказваюць гісторыю, якую яны чулі найменей разоў 800.

У Швэйцарыю Бэніта Мусаліні прыбыў на пачатку 1900-х у якасьці так званага “рабочага бяз сродкаў”. Кажуць, што ён доўгі час жабраваў, галадаў, начаваў у грамадзкіх прыбіральнях. Працаваў то мулярам, то рознарабочым у віннай крамцы. Некалькі разоў яго нават арыштоўвалі за вулічнае рабаваньне.

Усё зьмянілася пасьля таго, як Мусаліні захапіўся сацыялістычнымі ідэямі. Ён пачаў рабіць сапраўдную кар’еру – быў вылучаны ў якасьці адказнага за прапаганду ў прафсаюзах лазанскіх муляраў. Вольны ад прафсаюзнай дзейнасьці час праводзіў у асяродку расейскіх эмігрантаў. У асноўным, гэта былі студэнты, багемшчыкі, людзі, для якіх рэвалюцыя стала сэнсам жыцьця, а эміграцыя і падпольле чымсьці звыклым ды натуральным.

Кажуць пры сустрэчы Ленін і дучэ спадабаліся адзін аднаму. Расейскія рэвалюцыянэры нярэдка частавалі свайго госьця ежай і алькаголем. Яны былі ў захапленьні ад тых дыскусіяў, якія вёў іх італьянскі сябар.

У 1917 годзе Італія была адзінай з краін-пераможцаў у першай усясьветнай вайне, якая пагадзілася дапамагаць Савецкай краіне. Паводле дасьведчаных людзей, усё гэта ішло нібыта ад Мусаліні. Так ён паважаў Ільіча.

Дарэчы, сустрэчы італьянца і яго расейскіх сяброў праходзілі ў гэтым верхнім горадзе, непадалёк ад піцэрыі. Там, дзе цяпер разьмешчаны нейкі цэнтар.


Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG