На сустрэчы з дэлегацыяй дзелавых колаў Нямеччыны Аляксандар Лукашэнка запрасіў замежных бізнэсоўцаў да ўдзелу ў прыватызацыі беларускіх прадпрыемстваў. Разам з тым кіраўнік Беларусі адзначыў: “Ня трэба спадзявацца, што Беларусь пойдзе на прыватызацыю сваёй уласнасьці за бесцань… Прыходзьце і працуйце так, як вы працуеце на нямецкай зямлі. І тады ў нас усё атрымаецца”. Чаму мы ўсё часьцей чуем заявы ад беларускага кіраўніцтва пра гатоўнасьць пайсьці на прыватызацыю, але ня чуем паведамленьняў пра канкрэтныя ўгоды? Ці варта прадаваць прадпрыемствы ў крызіс, а калі варта — то каму? На гэтыя пытаньні адказвае эканаміст, выкладчык Беларускага нацыянальна-тэхнічнага ўнівэрсытэту Аляксандар Кавалёў.
Цыганкоў: Прынята лічыць, што распрадаваць прадпрыемствы ня вельмі выгодна падчас крызісу. Але беларускія кіраўнікі апошнім часам усё часьцей заяўляюць, што гатовыя да прыватызацыі, хаця пра рэальныя угоды мы ня чуем. Чаму? Афіцыйны Менск ня можа дамовіцца наконт цаны з патэнцыйнымі інвэстарамі?
Кавалёў: Я б падзяліў гэтыя два пытаньні. Па-першае, прыватызацыя — гэта заўсёды добра, і падчас крызісу, і падчас ўздыму. Але сапраўды, падчас крызісу цана прадпрыемстваў ніжэй. Таму мне здаецца, што ўлады ня могуць дамовіцца з інвэстарамі наконт цаны.
А па-другое, калі казаць пра нямецкіх інвэстараў, то пакуль яны сябе ня могуць адчуваць у Беларусі як дома.
У Нямеччыне права прыватнай уласнасьці нават у самыя горшыя гістарычныя часы ня ставілася пад сумнеў.
Таму зараз прыватызацыя “зьверху-ўніз” мусіць памяняцца на прыватызацыю “зьнізу-ўверх” — ад зямлі да найвышэйшых паверхаў.
Цыганкоў: Беларускае кіраўніцтва ўжо ня першы раз кажа пра гатоўнасьць да прыватызацыі менавіта заходнім інвэстарам. Ці ня сьведчыць гэта пра тое, што Менск адчувае эканамічны ціск з боку Масквы і хоча пабольш прадаць менавіта заходнім інвэстарам?
Кавалёў: Мяркую, што такі чыньнік прысутнічае. Напрыклад, у банкаўскай сфэры атрымалася вельмі някепска, дзе ёсьць і польскія, і расейскія, і аўстрыйскія інвэстыцыя. Цяпер нібыта і ізраільскія банкі цікавяцца гэтымі магчымасьцямі… Думаецца, што тут дзяржава здолела стварыць прывабныя ўмовы для інвэстараў.
Што да цытаваных вамі заяваў Лукашэнкі, то тут, магчыма, ўтрымліваецца і пэўны пасыл у бок Расеі з намёкам на тое, што беларускія прадпрыемствы ня будуць прадавацца па нізкіх коштах, як на гэта магчыма разьлічвалі расейскія алігархі.