Анатоль Сыс: між Купалам і Багдановічам

Кветкі на магіле Анатоля Сыса

31 кастрычніка ў вёсцы Гарошкаў Рэчыцкага раёну адкрылі мэмарыяльную дошку на роднай хаце вялікага беларускага паэта Анатоля Сыса.
З гэтай нагоды ў Гарошкаў прыехалі ўсе кіраўнікі Саюзу беларускіх пісьменьнікаў, дзясяткі прыхільнікаў паэзіі Сыса зь Менску, Гомеля, Рэчыцы, з Украіны, Польшчы.

Яны ўсклалі кветкі на магілу Анатоля Сыса, а пасьля сабраліся ў цэнтры вёскі ля роднай хаты Анатоля, каб адкрыць тут мэмарыяльную дошку з надпісам: “ У гэтай хаце нарадзіўся, жыў і тварыў вялікі беларускі паэт Анатоль Сыс”.

На магіле Сыса яго сястра Тамара, Эдуард Акулін, Леанід Дранько-Майсюк ускладае вянок.

Гаворыць намесьнік старшыні Саюзу беларускіх пісьменьнікаў Эдуард Акулін:

Выступае Эдуард Акулін

“Яшчэ пры жыцьці Анатоль Сыс вызначыў сваё месца ў беларускай паэзіі — паміж Янкам Купалам, якога лічыў сваім бацькам па духу, і Максімам Багдановічам, якога паважаў як брата па крыві. Пасьля сьмерці Анатоля ўтварылася сьвятая тройца беларускай літаратуры. Амаль як у Бібліі — Айцец, Сын і Сьвяты Дух беларускай паэзіі. Тры волаты беларускага слова, тры нацыянальныя геніі, тры паэты з трагічным лёсам”.

Your browser doesn’t support HTML5

Эдуард Акулін чытае верш Анатоля Сыса



На ўрачыстай імпрэзе дзяліліся ўспамінамі пра Сыса, чыталі вершы й прысьвячэньні Анатоль Вярцінскі, Алесь Пашкевіч, Леанід Дранько-Майсюк, Барыс Пятровіч, Міра Лукша з Польшчы. Гучала багата песень у выкананьні Кастуся Герашчанкі, Алеся Камоцкага й Касі Камоцкай, іншых бардаў.

Your browser doesn’t support HTML5

Анатоль Вярцінскі пра Анатоля Сыса



Гутарым зь менскім скульптарам Паўлам Лукам, аўтарам мэмарыяльнай дошкі Анатолю Сысу:

“Ідэя гэтай працы й гэтай дошкі — Эдуарда Акуліна, матэрыялы выкарыстаны нашага шыкоўнага фатографа-партрэтыста Анатоля Кляшчука. Адліта дошка са сплаву алюмінію й крэмнію. Упрыгожаньні — жалейка й валошкі, паколькі Анатоль неяк аднойчы так выказаўся: “Я — сын Купалы й брат Багдановіча”.

Вось і выкарысталі такія беларускія сымбалі”.

Скульптар Павал Лук і Эдуард Акулін адкрываюць мэмарыяльную шыльду.

Мэмарыяльная шыльда на хаце Анатоля Сыса.

Сёньняшняя ўрачыстасьць у Гарошкаве стала пятым па ліку сьвятам беларускай паэзіі. Прымеркавана яна да 50-годзьдзя Анатоля Сыса, да якога той не дажыў чатыры з паловай гады. Выпушчаны дзьве кнігі выбраных вершаў паэта — “Ягамосьць” і “Алаіза”.

Гучыць песьня на словы Анатоля Сыса “У гэтай краіне…” у выкананьні Кастуся Герашчанкі:

“У гэтай краіне ня маю я дому.
Вось воблака — сяду і ў сьвет палячу
На гэтай гаморай, над гэтым садомам.
Ня грошай, ня славы — я волі хачу”.

Сьвята паэзіі ў двары роднай хаты Анатоля Сыса



Выступае Барыс Пятровіч.

Сярод гледачоў — сястра Анатоля Сыса Тамара.

Выступае Павал Зьмітрук.

Кнігі Анатоля Сыса

Выступае Ўладзімер Някляеў

Выступае Анатоль Вярцінскі.

Па імпрэзе аказалася, што зламаўся гасьцявы аўтобус.Давялося штурхаць.