Свабода.СВАБОДА

Уладзімер Бараніч

Сёньня, 30 кастрычніка адбылася векапомная падзея, якая яшчэ больш наблізіла Інтэрнэт да паспалітага люду. Міжнародная арганізацыя ICANN, што кантралюе разьмеркаваньне адрасоў у Сусьветнай кампутаровай сетцы, ухваліла працэдуру рэгістрацыі дамэнных імёнаў ня толькі лацінскімі літарамі, але й у нацыянальных альфабэтах.

Ужо з 16-га лістапада дзяржавы здолеюць падаваць заяўкі на рэгістрацыю дамэннай зоны першага ўзроўню (.BY, .UA, .RU, .UK) на нацыянальных мовах. Новыя правілы дазволяць выкарыстоўваць ў дамэнных імёнах 100 тыс. новых сымбаляў. У самой ICANN новыя правілы найменаваньня дамэнаў назвалі найбуйнейшай тэхнічнай зьменай Інтэрнэту за ўвесь час свайго існаваньня.

Як карыстальнік Інтэрнэту з 1995 году, я бы нават пайшоў далей і сказаў, што гэты крок фактычна ёсьць сапраўдным набліжэньнем дагэтуль шмат для каго незразумелай у сваёй сутнасьці сусьветнай кампутаровай сеткі да паспалітага карыстальніка. Цікава, што гэтая падзея адбылася амаль у адзін дзень з 40-ой гадавінай ўзьнікненьня самога Інтэрнэту. Менавіта 40 гадоў таму было адпраўленае першае электроннае паведамленьне праз экспэрымэнтальную кампутаровую сетку ARPANET, якая пазьней пераўтварылася ў Інтэрнэт. Інакш кажучы, даслалі email. Залішне казаць, што такое звычайнае зараз дзейства тады было пад сілу толькі вельмі абазнаным спэцыялістам. Хто карыстаўся Інтэрнэтам у момант яго зьяўленьня ў Беларусі напачатку 90-х гадоў мінулага веку, мусіць памятаць, што работа з электроннай поштай была справай ня надта простай.

Кампутар, зь якога 40 гадоў таму было адпраўленае першае электроннае паведамленьне праз сетку ARPANET, якая пазьней пераўтварылася ў Інтэрнэт.


А калі зьявіўся больш-менш “чалавечы” інтэрфэйс вэб-браўзэра, дзе навігацыя робіцца простым клікам мышкі, усё адно заставалася неабходнасьць набіраць адрас з выкарыстаньнем цэлага набору лацінскіх сымбаляў. Дый сам адрас дагэтуль застаецца нялюдзкім, калі браць пад увагу набор абсалютна бязглуздых з пункту гледжаньня паспалітага карыстальніка пачатковых сымбаляў http://.

З гэтае нагоды адзін з заснавальнікаў Сусьветнага павуціньня і стандартаў URL, HTTP, HTML, кіраўнік Кансорцыуму сусветнага
Цім Бэрнэрс-Лі
павуціньня (World Wide Web Consortium, W3C) і прафесар Масачусэцкага тэхналягічнага інстытуту Цім Бэрнэрс-Лі нядаўня публічна пашкадаваў, што калісьці ўвёў у зварот падвойны слэш ("//") пасьля "http:" напачатку пазначэньня інтэрнэт-адрасу. Калі "бацька" сусьветнай кампутаровай сеткі адказваў на пытаньне журналіста The New York Times, то сказаў, што цяпер ён зрабіў бы інакш, калі б толькі гісторыю можна было перапісаць. Па яго словах, ён занадта позна зразумеў, што два знакі, што стаяць побач, зусім не зьяўляюцца абавязковымі, і можна была б зэканоміць немалую колькасьць паперы і дрэваў дзякуючы адсутнасьці неабходнасьці паказваць іх, не кажучы ўжо пра выдаткаваныя на націск клявішаў пры ўводзе адрасу гадзіны і сілах (хоць сеньня, вядома, браўзэры палягчаюць задачу і дадаюць "http://" самастойна).

Шаноўны мэтр Павуціьня яшчэ не назваў такі часажэрны ды нэрважэрны фактар, як неабходнасьць пераключаць раскладку клявіятуры, калі цягам напісаньня нейкага, скажам, кірылічнага тэксту, трэба напісаць лацінскамоўны адрас.

Апроч таго, магчымасьць ужываць цалкам нацыянальныя назвы ў адрасах сайтаў фактычна азначае канец дамінаваньню ангельскамоўнага чыньніка ў Сусьветным сеціве. У прынцыпе, лацінская раскладка клявітуры для краінаў, дзе лацінскі альфабэт не ўжываецца, робіцца зусім непатрэбнай. Асабліва цешацца з гэтага носьбіты вельмі далёкіх ад лацінкі краінаў Азіі. Як бачна з афіцыйнага прамацыйнага відэароліка ICANN, наяўнасьць цалкам нацыянальных імёнаў сайтаў называецца ледзь ня фактарам, што прывядзе да нябачнага дагэтуль росквіту пісьменнасьці ды адукацыі.



У суседняй для беларусаў Расеі ўжо ідзе падрыхтоўка да ўвядзеньня дамэну .РФ, што пачнецца 4 лістапада. Чакаецца, што з 25 лістапада 2009 па 25 сакавіка 2010 году у Расеі будзе ўведзена прыярытэтная рэгістрацыя дамэнаў для дзяржорганаў і ўладальнікаў гандлёвых знакаў. У Беларусі ў гэтым сэнсе ўсё пакуль ціха, і ніякіх размоваў пра дамэн кшталту .РБ не чутно. Хаця, трэба адзначыць, новая сыстэма, як бачна і з відэароліка, дазваляе не абмяжоўвацца дзьвюма літарамі. Цалкам магчыма звабіць дамэн .БЕЛАРУСЬ ці .БЕЛ.

Пакуль невядома, што будуць рабіць улады РБ, але цалкам магчыма, што ўрад БНР мог бы апэляваць да стварэньня дамэну .БНР. Куды праблематычней будзе з дамэнамі .ВКЛ ды .СССР. Ну а Радыё Свабода тады папросіць дамэн .СВАБОДА.