31 кастрычніка ў Палацы культуры Менскага трактарнага завода пройдзе ўстаноўчы зьезд “Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі”. Актывісты БХД атрымалі залю ў апошні момант і зьбіраюцца паўторна заснаваць сваю партыю.
Першы раз Мінюст не зарэгістраваў БХД на фармальных падставах.
Паводле арганізатараў зьезду, у ім прыме ўдзел каля 700 чалавек – дэлегатаў і гасьцей. На форуме апрача дэлегатаў выступяць госьці: лідэр Руху “За свабоду” Аляксандар Мілінкевіч, былы кандыдат на прэзыдэнта Аляксандар Казулін, старшыня Вярхоўнага Савету 12-га скліканьня Станіслаў Шушкевіч, старшыня Партыі БНФ Аляксей Янукевіч, прадстаўнікі замежжа.
Сустаршыня аргкамітэту партыі БХД Павал Севярынец ня супраць, каб прыйшлі і іншыя госьці:
“Калі ласка! Мы запрашаем а 10-й гадзіне ў Палац культуры МТЗ паглядзець на свае вочы на Беларускую Хрысьціянскую Дэмакратыю, пра якую апошнім часам шмат гавораць”.
Чытачы сайту “Свабоды” маюць тут сваю віртуальную трыбуну, каб выказаць свае пажаданьні і думкі ўдзельнікам устаноўчага зьезду БХД.
Пакідайце свае выступы ў камэнтарах да гэтага артыкулу!
Павал Севярынец абяцаў іх уважліва пачытаць.