Дэмакратычныя актывісты атрымалі пісьмовую адмову начальніка Віцебскага РАУСу на сваё патрабаваньне знайсьці й пакараць тых, хто зьнішчыў памятныя крыжы каля вёскі Паляі, на месцы масавых расстрэлаў ахвяр сталінізму.
Паводле каардынатаркі стваранай Партыі БХД Тацяны Севярынец, якая пісала заяву ў Віцебскі РАУС, рашэньне пра адмову заводзіць крымінальную справу было прынятае 24 кастрычніка, аднак ліст зь міліцыі яна атрымала толькі цяпер.
У ім напісана, што праверку па факце зьнікненьня крыжоў праводзіў участковы, маёр Сяргей Субоцін. Ён высьветліў, што сьведкаў здарэньня не было, і цьвердзіць, што вызначыць асобы злачынцаў немагчыма. Таму й крымінальную справу заводзіць ня будуць. Аднак у тым выпадку, калі асобы вандалаў нейкім чынам усё ж стануць вядомыя, супраць іх распачнуць адміністрацыйную справу паводле артыкулаў 10.9 і 17.1 — за сьвядомае зьнішчэньне чужой маёмасьці і дробнае хуліганства.
Міліцыянты ацанілі маёмасьць — тры драўляныя крыжы, пастаўленыя ў розныя часы віцебскімі апазыцыянэрамі — у 132 тысячы 450 рублёў. Столькі каштуюць тры звычайныя надмагільныя крыжы паводле даведкі Віцебскага спэцкамбінату.
Тацяна Севярынец абураная падыходам міліцыянтаў, бо неаднойчы казала ім, што мэмарыяльныя крыжы ў месцы масавай загубы людзей ня маюць кошту. Апазыцыянэрка лічыць, што ёй даслалі адпіску і што міліцыя не зьбіраецца далей шукаць вінаватых.
Зьнікненьне крыжоў у Паляях было заўважана 25 верасьня гэтага году. У той самы дзень віцебскія апазыцыянэры напісалі заявы ў Варонаўскі сельсавет і ў райаддзел міліцыі, каб злачынцаў адшукалі. Прадстаўнікі мясцовых уладаў цьвердзяць, што загаду зьнішчыць крыжы не давалі, і не ўяўляюць, хто гэта мог зрабіць, бо жыхары ўсяго навакольля шануюць гэтае месца. Людзі памятаюць, што ў 1930—50-я гады тут расстрэльвалі мірных жыхароў — ахвяраў сталінскіх рэпрэсій.