Новая перадача сэрыі “Дом літаратара”. Эфір 24 кастрычніка
КНІГАГЛЯД
РАДЗІМ ГАРЭЦКІ: “МУЗЭЙ МАКСІМА ГАРЭЦКАГА ПАБУДАВАЛІ БЕЗ ДАЗВОЛУ”
Згуртаваньне беларусаў сьвету “Бацькаўшчына” распачало выданьне кніжнай сэрыі “Людзі Беларусі”, прысьвечанай выдатным дзеячам беларускай культуры ды навукі. Першай сэрыйнай кнігай, якая пабачыла сьвет у выдавецтве “Медысонт”, стала дасьледаваньне Радзіма Гарэцкага “Браты Гарэцкія”. Яна ўяўляе зь сябе цыкль гісторыка-літаратурных эсэ, героямі якіх зьяўляюцца клясык беларускай літаратуры Максім Гарэцкі і знакаміты геоляг акадэмік Гаўрыла Гарэцкі. З аўтарам кнігі, сынам Гаўрылы Гарэцкага, таксама акадэмікам Радзімам Гарэцкім, у ягонай менскай кватэры сустрэўся Міхась Скобла.
Міхась Скобла: “Спадар Радзім, прачытаўшы вашу новую кнігу, мне хочацца (у дадатак да ўсіх вашых тытулаў) назваць вас яшчэ і летапісцам роду Гарэцкіх. 340 шырокафарматных старонак унікальнай інфармацыі, маладасьледаваных дакумэнтаў... Колькі часу заняло ў вас напісаньне гэтай кнігі?”
Радзім Гарэцкі: “Над тэмай роду Гарэцкіх я працую ўжо больш за дзясятак гадоў. Вядома ж, у гэтым томе я выкарыстаў матэрыялы з другіх сваіх кніг, скажам, з кнігі “Ахвярую сваім я…”, але і вельмі многа дадаў. Увесь час нешта новае адкрывалася і пра Максіма Гарэцкага, і пра Гаўрылу, у розных архівах знаходзіліся раней не вядомыя рэчы. Скажам, цікавыя зьвесткі дадаліся пра Максіма з часоў, калі ён быў у Вільні і актыўна займаўся ня толькі літаратурай, але і палітыкай. Пра гэта мала хто ведаў. Ня ведаў і я, але потым адкапаў патрэбныя матэрыялы, і аказалася, што Максім быў у прэзыдыюме рады БНР, працаваў разам з Ластоўскім, з братамі Луцкевічамі. Некаторыя зьвесткі я здабыў з дапамогай Міколы Ількевіча – гэта наш зямляк, які працуе ў Смаленску і займаецца ахвярамі сталінізму. Вельмі многа я дадаў пра свайго бацьку. Я стараўся, каб гэтая кніжка была ня проста пераказам яго жыцьця, а менавіта дакумэнтальнай аповесьцю. Таму я стараўся як мага больш напоўніць яе дакумэнтамі. У кнізе зьмешчаная багатая эпісталярная спадчына: шмат лістоў і Максіма, і, галоўным чынам, Гаўрылы Гарэцкага”.
Скобла: “З апублікаваных у кнізе дакумэнтаў ня можа ня ўразіць акт расстрэлу Максіма Гарэцкага ад 10 лютага 1938 году, калі за 15 хвілінаў па рашэньні тройкі НКВД Смаленскай вобласьці былі забітыя 40 чалавек… Але ж Гаўрыла Гарэцкі быў прыгавораны да найвышэйшай меры пакараньня. Што яго ўратавала?”
Гарэцкі: “Паводле дакумэнтаў Гаўрыла Гарэцкі атрымаў нават больш розных пакараньняў, чым Максім. Максім быў толькі сасланы на пяць гадоў у Вятку, а ў 1937 годзе яго растралялі. Гаўрылу Гарэцкага арыштоўвалі ажно пяць разоў. У 1930 годзе бацьку таксама прысудзілі да найвышэйшай меры пакараньня. Сьледчы Сікорскі пазьней расказаў яму па сакрэце, як Галадзед і Чарвякоў вазілі сьпіс прыгавораных да расстрэлу Сталіну. Гаўрыла Гарэцкі быў малады яшчэ, і яны сталі за яго прасіць, і быццам бы Сталін яго выкрасьліў, сказаўшы: “Ну, пускай поживёт ещё!”. І Гаўрылу далі дзесяць гадоў лягеру. Але самае страшнае было ў 1937-м. У бацькі былі аж тры артыкулы, і самы страшны – шпіянаж, за што тады расстрэльвалі адразу. Але так атрымалася, што калі яго чарговым разам забіралі, я пра гэта пішу ў кніжцы, якраз мяняліся кіраўнікі НКВД, і карны рэжым зьмякчаўся на пэўны час, некаторых вязьняў нават вызвалялі. Акурат пад гэтыя вызваленьні трапляў і мой бацька”.
Скобла: “Дык колькі разоў яго маглі расстраляць?”
Гарэцкі: “Двойчы ён быў прыгавораны да найвышэйшай меры. Маю на гэта дакумэнты. Але, магчыма, быў і трэці прыгавор. Ёсьць на гэта ўскосныя дадзеныя”.
Скобла: “Перачытваючы нядаўна Янку Брыля, я напаткаў згадку Івана Антонавіча пра тое, як яны з Алесем Адамовічам упрошвалі акадэміка Гаўрылу Гарэцкага напісаць успаміны пра сваё жыцьцё, а той адказваў: “Пішыце пра Максіма!” Ці азначае гэта, што Гаўрыла Іванавіч саступаў пальму першынства родавай славы Максіму Іванавічу?”
Гарэцкі: “Мой бацька быў вельмі сьціплым чалавекам. Для яго Максім быў, можна сказаць, абразом. Дарэчы, я сам быў сьведкам, калі да бацькі неаднаразова і настойліва зьвяртаўся Ўладзімер Караткевіч. Ён вельмі хацеў напісаць пра бацьку раман і прасіў на гэта дазволу. Але бацька нізавошта не згаджаўся і казаў прыкладна тое ж: пішыце пра Максіма. Хаця, вядома ж, яго жыцьцё – гэта сапраўдны раман, прычым, раман і драматычны, і трагічны”.
Скобла: “У кнізе “Браты Гарэцкія зьмешчанае радаводнае дрэва Гарэцкіх. Колькі каленаў на сёньня яно налічвае?”
Гарэцкі: “Паводле дрэва, якое я склаў, – дзесяць. Я сам знаходжуся на шостым калене. Прадстаўнікоў нашага роду зь дзясятага калена я ўжо ня ўсіх і ведаю, гэта ўжо прапраўнукі, але да дзявятага калена ведаю ўсіх. Род Гарэцкіх быў моцны, яшчэ дзед Максіма, Кузьма, пражыў сто гадоў”.
Скобла: “Яшчэ адна вартасьць вашай кнігі – 57 фатаздымкаў, сярод якіх і малавядомыя. На данмы зь іх – былы сакратар ЦК КПБ. А які ягоны ўдзел у лёсе братоў Гарэцкіх?”
Гарэцкі: “Памятаю, на нейкім сходзе Кузьмін падышоў да мяне і прапанаваў: давайце зробім Музэй Гарэцкіх. Я пагадзіўся. Праўда, бацька і тут заўпарціўся: рабіце музэй Максіма! Аляксандар Трыфанавіч тады мне даверліва прызнаўся, што калі мы будзем афіцыйна зьвяртацца ў Маскву па дазвол, то гэта зойме вельмі шмат часу, гадоў пяць, а то і дзесяць. Таму, кажа, будзем рабіць музэй без узгадненьня з Масквой, гэтую справу я вазьму на сябе, дам адпаведную каманду. А калі ўжо пабудуем – дзявацца ня будзе куды – прызнаюць і ў Менску, і ў Маскве. Так і атрымалася”.
УГОДКІ
СЯРЖУК СЫС: “ТОЕ, ШТО ЗА МНОЙ АНАТОЛЬ СЫС, Я АДЧУВАЮ ЗАЎСЁДЫ”
26 кастрычніка культаваму паэту пакаленьня “Тутэйшых” Анатолю Сысу споўнілася б 50 гадоў. Да гэтай даты сябры склалі і выдалі дзьве кнігі: зборнік выбраных твораў “Алаіза” і кнігу прысьвячэньняў “Ягамосьць”. З нагоды юбілею Анатоля Сыса, які не дажыў да яго больш за чатыры гады, мы запрасілі ў студыю ягонага земляка і сваяка, паэта Сержука Сыса. Зь ім гаварыла Валянціна Аксак.
Валянціна Аксак: “Перш чым пачаць гаворку з паэтам Сержуком Сысом, хацелася б згадаць вашага земляка і сваяка Анатоля Сыса. Сёньня ў студыю вы прыйшлі зь вершаваным прысьвячэньнем вашаму слыннаму аднафамільцу. Прачытайце яго, калі ласка”.
Сяржук Сыс:
“Я сынам сваёй Айчыны
завуся да той часіны,
як памяць бунтуе мая:
“Дух – гэта, людзі, Я!”
У шчасьці, альбо ў самоце
мне шэпчуць крылцы ў палёце
гарошкаўскага матыля:
“Дух – гэта, людзі, Я!”
Надзьмесься часам нішчымнай
пыхай, ды раптам – ня гімнам –
уздыбіцца крыкам зямля:
“Дух – гэта, людзі, Я!”
У восеньскім мокрым суцьменьні
напоўню халодныя жмені
кроплямі згадак з гальля:
“Дух – гэта, людзі, Я!”
Паслухайце над небакраем,
як голас Паэта лунае
рэхам бусьліным здаля:
“Дух – гэта, людзі, Я!”
Аксак: “Вы назвалі свой верш знакамітым радком Анатоля Сыса “Дух – гэта людзі, Я!” І гэтым жа радком называецца і сьвята ў Гарошкаве, дзе на падворку роднай хаты паэта ладзіцца штогадовы літаратурны фэст. Назвай нявыдадзенай пры жыцьці паэта кнігі “Ягамосьць” вы назвалі кнігу прысьвячэньняў Анатолю Сысу, якая ўжо зьявілася з друку. Чаму вы выбралі гэтую назву?”
Сыс: “Першая прычына – спроба разгадаць, чаму Анатоль сам ня выдаў пры жыцьці кнігі пад такім назовам. Калі мы рыхтавалі кнігу яго выбраных вершаў, то хацелі назваць “Ягамосьць”. Але, паспрачаўшыся, прыйшлі да высновы, што хутчэй за ўсё Анатоль потым адмовіўся ад гэтай назвы, бо вельмі сьмела называць кніжку “Ягамосьць”. Гэтае слова – форма паважлівага звароту да чалавека, і самому сябе так называць… Ня ведаю, ці маральна б гэта было… Урэшце кніга выбранага называецца “Алаіза”. А вось калі многія сябры-паэты, якія прысьвячалі Анатолю радкі, называлі яго ягамосьцем, то такое слова гарманічна спалучаецца са зьместам кнігі. Таму кніга прысьвячэньняў і названая “Ягамосьць”. Гэткім чынам і мара аўтара застанецца ў гісторыі літаратуры”.
Аксак: “Пры жыцьці, як вядома, у Анатоля, асабліва ў апошнія гады, было няшмат сапраўдных сяброў. А ці шмат вы назьбіралі прысьвячэньняў гэтаму знанаму паэту?”
Сыс: “У кніжку ўвайшлі вершы каля сарака аўтараў. Але гэта ня ўсё, што ёсьць. Былі яўна слабыя вершы, асабліва пачаткоўцаў, якія мы наўмысна не ўключылі. Аднак па нейкіх прычынах ня трапілі ў кнігу і прысьвячэньні такіх аўтараў, як Мікола Кандратаў, Людміла Сабіна і іншыя, якіх мы проста не знайшлі ў часе падрыхтоўкі рукапісу. Можа, празь дзесяць гадоў мы вернемся да ідэі такой кніжкі, і тады яна будзе больш аб’ёмнай і прадстаўнічай. Аднак і выдадзеная мае больш за восемдзесят старонак, яна чытаецца. Цікава, што калі цалкам прачытаць яе, то адкрываеш для сябе новага Анатоля Сыса. Ты глядзіш на яго вачыма тых паэтаў, якія яму прысьвячалі свае творы. Цяпер мы яшчэ зьбіраем успаміны пра Анатоля і ўсе ягоныя публікацыі, якія на гэты час засталіся па-за ўвагай выдаўцоў і крытыкаў. Дарэчы, зусім нядаўна мы даведаліся, што першая публікацыя Анатоля ў рэспубліканскім друку была ня ў 86-м годзе, як лічыцца, а ў 83-м. Тады ён надрукаваў у часопісе “Маладосьць” свае пародыі. Анатоль напісаў вельмі шмат пародый, яны паразгубляныя па розных выданьнях, і мы іх цяпер расшукваем”.
Аксак: “Вы таксама складаеце вершы. Скажыце, а наколькі ўтульна вам у гэтай ролі з прозьвішчам такога знакамітага земляка і сваяка?”
Сыс: “Гэта вельмі складанае пытаньне. Было некалькі пэрыядаў у маім жыцьці, калі я хацеў схавацца пад нейкім псэўданімам. Адгаварылі сябры, даводзячы, што ў мяне свой почырк, вобразы, характар пісаньня. Яны прыводзілі мне прыклады зь літаратуры, калі было шмат Талстых і іншых аднафамільцаў. Але вельмі цяжка несьці ўнутры сябе гэтую ношу, адчуваць, што за табой стаіць Анатоль Сыс. Таму падымаецца ўзровень самакрытыкі, што вельмі дапамагае пісаць. У жыцьці ж здараецца з гэтай нагоды рознае. Зусім нядаўна, да прыкладу, пісалі, што я – брат Анатоля. А гады два таму прыносіў у выдавецтва “Мастацкая літаратура” нейкую тэчку і не знайшоўшы патрэбнага супрацоўніка, спытаўся, а каму яе перадаць? У мяне, у сваю чаргу, спыталіся: “А хто вы?” Я адказаў: “Сыс”. – “Даруйце, але ж вы памерлі!”. Такія здарэньні і прыкрыя, і сьмешныя – як сам паставісься. Я да гэтага прывык. Аднак тое, што за мной Анатоль Сыс, я адчуваю заўсёды”.
СЯРЖУК СЫС. З НОВЫХ ВЕРШАЎ
Дальтонік
Я жыву пасярод чырвона-зялёных дрэваў
на такім жа чырвона-зялёным праспэкце,
дзе на сьвяты гучаць ачмурэлыя сьпевы
і сьцяжкамі харчуюцца пульхныя дзеці...
Людзі ў дзіўных зялёна-чырвоных строях
піва п’юць, ці віно (калі ёсьць) па кватэрах,
ці навіны глядзяць па БТ пра тутэйшых герояў,
ці займаюцца сэксам пасьля няхітрай вячэры.
Шчасны я, бо гуляю бяз пэўнай нагоды…
Не глядзі мне ў патыліцу, дзядзька палкоўнік, –
я стаю не злачынцам на Пляцы Свабоды,
Я ня хворы, хіба што звычайны дальтонік….
Камяні
Я расьціў камяні,
Я зьбіраў камяні –
Аддаваў камяні проста так.
Хто трымаў пры сабе,
Хто зьбярог для вайны,
Хто прадаў камяні за мядзяк.
Ці сагрэюць душу
Камяні хоць каму –
Ці такой я чакаў цеплыні?
Ні дамоў з камянёў,
Ні карысьці ў зіму –
Не гараць, хоць ты плач, камяні.
У кішэнях людзкіх
Камяні зараз сьпяць,
Ці ляцяць у чужы агарод.
Я расьціў камяні…
Каб урэшце аддаць,
І душу, што спыніла палёт.
* * *
Паміж Гомелем ды Менскам,
недзе там, мажліва, блізка
каля восеньскай імжы
цень мой раптам прабяжыць
па сьцяжыне, праз масткі,
цераз поле, напрасткі…
не крыўдуйце, як скрозь сон
закране каго крысом,
на каго абрыне сьнег,
каго ласкай ахіне,
расьцярушыцца ў тумане –
і мяне зусім ня стане…
* **
Драмае над Траецкім дзяўчынка–аблачынка,
Пакуль яшчэ такое бязгрэшнае дзіцё!
Пушынцы невядомыя ні сьлёзы, ні хмурынкі,
І з горадам сасьмяглым струменнае зьліцьцё.
А ейны цень – блізьнятка па Сьвіслачы сплывае,
На хвалях, як далоньках, пагойдваецца ледзь,
Як тая, што ў нябёсах, і крышку не такая,
Карціць ёй дыямэнтам на сонцы зіхацець.
Паветра ў жменю сьцятае ад раўнавагі крохкай,
Ды ўжо цішком крадзецца Нямігаю пастух.
І вось падзьмула вуліцай у вокны, дрэвы, лёгкія,
І аблачынка зрушыла на свой жыцьцёвы круг.
А зь ёю віртуалка, распырскваючы промні,
Павольна расьцярушваецца ў сьвіслацкай вадзе…
А я пасплю ў Траецкім і сярод п’яных мрой мне
Падушкай аблачынка паслужыць гэты дзень.
Апостраф
Дзекайце і цекайце, калі вы здаровы,
Калі ў повязі кароткай вы з кароткім у,
Толькі не давайце ў крыўду
нашай мовы,
Ні якому іншаземцу, ні яшчэ каму.
Якайце і ёкайце, людцы мае родныя, –
Гэтага ня купіце нават за даляр.
Кропачкі над літарай е надзвычай модныя,
Вось які у мовы роднай незвычайны дар.
Як хто недасьведчаны – прачытайце верш яму,
Не – дык насварыцеся, хай сабе крычыць.
Крык усё ж нашмат радней, неяк па-тутэйшаму,
Гэта да пазнаньня мовы Арыядны ніць.
Ну, а з апанэнтамі будзе досыць проста вам:
Зброю мове выдалі, кожны скажа: Ах! –
Хто калі разьятраны – трэсьніце апострафам,
Гэтай коскай д’яблавай проста па вушах.