Хэнлан вінаваціць Навумава ў падмане

  • БелаПАН

Глен Хэнлан

Глен Хэнлан ня можа зразумець матывы сваёй адстаўкі з пасады галоўнага трэнэра хакейнага клюбу "Дынама" (Мінск).

"Ніхто, напэўна, не згадзіцца, калі яго звальняюць, — адзначыў канадзкі спэцыяліст у ток-шоў "Выбар" тэлеканалу ОНТ 26 кастрычніка. — Так, я не магу зразумець, таму што каманда сапраўды выступала добра, усе справы складваліся ўдала. Напэўна, для кіраўніцтва было важна, каб каманда знаходзілася на больш высокім месцы ў гэты адрэзак часу, таму мы былі звольненыя". Хэнлан абверг інфармацыю, што ён прасіў аб адстаўцы пасьля сэрыі з чатырох паразаў у пэрыяд з 26 верасьня па 2 кастрычніка.

"Не, я ніколі не прасіў аб адстаўцы. Пасьля таго як мы прыехалі з турнэ па Расеі, калі мы прайгралі Чэхаву (гэта была ня самая лепшая для нас гульня), усё роўна я не прасіў аб адстаўцы. Так, мы прайгралі, але працягвалі працаваць. Арганізаваць і пабудаваць каманду, адзін калектыў — для гэтага сем-восем гульняў недастаткова. Гэта вельмі доўгі ў арганізацыйным і эмацыйным пляне працэс", — падкрэсьліў Хэнлан.

"У першую чаргу я хачу сказаць, што не чытаю газэтаў і ня ведаю, хто аб гэтым пісаў, але я і мае памочнікі не хацелі здавацца, не хацелі сыходзіць самі", — дадаў ён.

Паводле словаў канадца, у пачатку сэзону перад "Дынама" была пастаўлена задача ўвайсьці ў дзясятку лепшых камандаў КХЛ і прайсьці першую стадыю плей-оф. "Нам гэта сапраўды было пад сілу. Больш за тое, мы гулялі тыя гульні, якія падабаліся балельшчыкам, асабліва ў пачатку сэзону, і ўсё ішло да таго, каб выканаць гэтыя задачы", — лічыць Хэнлан.

Трэнэр адзначыў, што цяпер усе яго сілы будуць накіраваныя на нацыянальную зборную. "Эмоцыі застануцца тымі ж. Вядома ж, я буду сумаваць па тых хакеістах, якія выступаюць у "Дынама" не пад маім кіраўніцтвам. Але калі мы ўсе зьбіраемся ў нацыянальнай зборнай, у нас адна задача, адны эмоцыі і адна псыхалёгія — гэта выйграваць, прыносіць радасьць балельшчыкам. Так было дагэтуль, так і застанецца цяпер", — запэўніў Хэнлан.

Канадзец і яго памочнікі былі звольненыя 20 кастрычніка пасьля дамашняй паразы ад хабараўскага "Амура". Як заявіў у той дзень старшыня Фэдэрацыі хакея Беларусі Ўладзімір Навумаў, "Дынама" не хапіла характару, які трэнэрскаму штабу на чале з Хэнланам не ўдасца выхаваць. Навумаў таксама адзначыў, што "чатыры гульні таму" Хэнлан папрасіў аб адстаўцы, але паколькі ён "вельмі добры трэнэр, яму было прапанавана застацца".