Анатоль Сыс: “Рай боскі — Гарошкаў”

Анатоль Сыс

Сёньня знанаму беларускаму паэту Анатолю Сысу споўнілася б 50 гадоў. Ён не дажыў да свайго юбілею і пахаваны там, дзе й нарадзіўся, — па-над Дняпром у вёсцы Гарошкаў Рэчыцкага раёну.
Гарошкаў нельга не заўважыць, калі едзеш з Гомеля ў бок Берасьця. Ледзь толькі ўзабраўся на макаўку моста празь Дняпро, і тваім вачам адкрываецца неаглядны краявід. Зьлева за лугам на высокім беразе — сама вёска. Ад яе па-над шашой, нібы ад жыцьця да вечнасьці, перакінуты мост да бярозавага гаю. Бярозавы гай — гэта вясковыя могілкі, дзе вечным сном спачывае Анатоль Сыс.

У траўні 2005 году, калі хавалі Анатоля, прывезенага зь Менску, паэт Эдуард Акулін са скрухай апавёў пра гэтае месца:

“Ах, якія могілкі прыгожыя
На радзіме Толіка Сыса,
Дзе бярозай стала ледзь ня кожная
У Дняпро схаваная душа”.

Родная сястра Анатоля Сыса Валянціна прыгадвае, што Гарошкаў быў для брата накшталт зямнога раю:

“Вельмі любіў Беларусь, вельмі любіў Гарошкаў. Гарошкаў для яго… нават ня знаю, як і перадаць. Ён казаў: “Гэта рай боскі для мяне — Гарошкаў”.

У Гарошкаве Анатоля ведаюць як шчырага вяскоўца й блюзьнера. Ён з гумарам апеў літаральна ўсё тут — сяброў, тутэйшыя калгасныя парадкі, азярцо, якое зь ягонай лёгкай рукі атрымала назву Хасан, купаньне ў Дняпры на сваім, Цішкавым пляжы.

Згадвае аднавясковец Віктар, якога Анатоль называў Мікітам. Можа, дзеля таго, каб ня блытаць з родным братам:

“Анатоль узгадваецца на пляжы й ягоны вершык:

“Калі прыплыў на Цішкаў пляж,
то для сьмяхоцьця і красы
зьнімі й, як сьцяг, павесь трусы”.


Мікіта прыгадвае й цэлую паэму пра калгасныя парадкі:

“Аднойчы сын сіласнай ямы
Ішоў зь цялятніка дамоў.
І недарма, што быў ён п’яны,
А за сьпіною — мех з мукой.
Тут паўстрачаўся яму Дзюбчык,
Казаў мяшочак вараціць.
Сынок пагладзіў ножкай чубчык
І стаў начальнічка прасіць:
“Ой, дзядзя Коль, прасьці дурнога…”


Сястра Тамара кажа, што Анатоль напісаў багата вершаў для вясковых сябрукоў:

“Ён зрабіў вершы й не для эліты, а для вясковых простых хлопцаў. Каб лёгка запаміналіся — рыфмоўкі такія. Гэта напісана ў такой гумарыстычна-сатырычнай форме. Штосьці такое, як “Тарас на Парнасе”.

Былы “лятаючы нафтавік” з Гарошкава Іван Рудэнка згадвае, што ў свой час Анатоль папрасіўся зьезьдзіць зь ім у Заходнюю Сыбір. Каб пабачыць, што гэта такое — Сыбір:

“Я яго запісаў у сьпіс на самалёт, і мы паляцелі ў Сыбір. Са мною ён там езьдзіў на аўтамашыне. І ў нас добра ўсё пайшло. Мы зарабілі нават грошай — законных грошай. Шмат чаго ён пабачыў. І вершы пісаў, але дзе яны… Трэба было б пашукаць”.

Сябра дзяцінства Міхась Цыбульскі прыгадаў, што з Сыбіры Анатоль прывёз дамоў верш, у якім ёсьць і такі радок: “Стаю на асфальце, у лыжы абуты”.

Гарошкаўцы памятаюць свайго земляка — адкрытага й няўрымсьлівага. Яму было лёгка сярод аднавяскоўцаў, а тыя цешыліся ягоным дарам і гумарам.

Старэйшы брат Анатоля Віктар апавёў, як Анатоль прывёз у Гарошкаў сваю першую кніжку “Агмень”:

“Ён выпусьціў сваю кніжку і цэлую тэчку вёз зь Менску падарыць гарошкаўцам. Падараваў мне й майму сябру — Колю Бандарэнку. Той першы верш прачытаў і да брата зьвяртаецца: “Толя, а аўтограф паставіць? Падпішы й падары!” Ён гэтую кнігу на хаду падпісаў і аддаў. Бандарэнка разгарнуў яе, прачытаў — і мы ўсе ўпалі. Ягонага бацьку па-вулічнаму называюць “Грынця Глухі”. А тут яшчэ побач Колевы “Жыгулі” стаялі. Анатоль і падпісаў: “Грынці Глухога сыну, каб не прапіў машыну”.

Анатоль Сыс