Чаргінец: Урэшце беларуская мова будзе галоўнай

Як Вы адказалі на пытаньні пра родную мову і пра мову, якую Вы засвоілі з дзяцінства? Як ставіцеся да перапісу насельніцтва? З такімі пытаньнямі карэспандэнт “Радыё Свабода” зьвярнуўся да старшыні Саюзу пісьменьнікаў Беларусі Мікалая Чаргінца.

Your browser doesn’t support HTML5

Мікалай Чаргінец пра перапіс



“Лічу, што гэта важнае мерапрыемства. І улада, і ўся дзяржава мусяць ведаць, чым дыхае чалавек. У чым ён мае патрэбу? І такі перапіс дазваляе высьветліць вельмі істотныя моманты. Скажам, такія, як яны забясьпечаныя жытлом, як яны ставяцца да дзеяньняў ураду і мерапрыемстваў ва ўсёй краіне. Ведаю, што некаторыя нават не жадалі адказваць на гэтыя пытаньні. Гэта іх памылка. Бо аналіз дазваляе рабіць дакладныя высновы, знаходзіць патрэбныя накірункі.

Вось я асабіста напісаў, што карыстаюся рускай мовай. Гэта праўда. Я нарадзіўся ў Менску і гэтак сталася, што з малых гадоў я быў пазбаўлены магчымасьці па-беларуску пісаць і размаўляць. Таму што аддалі мяне ў школу, адзіная ў акрузе была, 13-я сярэдняя мужчынская руская школа. Там беларуская мова выкладалася столькі ж, сколькі і нямецкая. Вучыўся там да 7 клясы. Бацька прыйшоў з вайны бязногім, маці — непісьменная, нас 7 ртоў. Пасьля 7 клясы я пайшоў у школу працоўнай моладзі, бо ужо працаваў. І там беларускай мовы ўжо не было. Потым вучыўся у БДУ, на журналістыцы. Але ж там не было беларускай мовы.

Трэба прайсьці нам праз такі эвалюцыйны пэрыяд, які дазволіць вырашыць праблему і зрабіць гэтак, што беларуская мова будзе ў краіне галоўнай. Яна зараз ужываецца на роўных з рускай мовай. Але, куды падзецца тым, хто…Што мне, дзеля нейкай паказухі перайсьці на беларускую мову? Я магу размаўляць па-беларуску, але ж пісаць…Калі думаеш па іншаму, то інакш усё атрымліваецца. Ад гэтага ўжо губляеш свой калярыт, сваё майстэрства напісаць кнігу. Ды і позна ужо перавучвацца.

Затое я вельмі рады сваім дзецям, асабліва ўнукам. Вось прыходжу, а ўнучка чытае верш па-беларуску. А ёй зараз 9 гадоў. Ліза, пытаюся, што гэта за верш? Аказваецца, ёй спадабаўся верш Генадзя Бураўкіна, сама вывучыла, чытае. Вось што прыемна. Тут бы заахвоціць гэтае дзіця, пахваліць, што мы і зрабілі. А давай ты яшчэ! Праз пару дзён пытаюся, ці памятае той верш? Так, кажа. А ну ка раскажы! А што ты новага вывучыла? Гляджу, ў яе ўжо кніжкі беларускія, яна іх ужо зьбірае. Вось такімі захадамі нам трэба дзейнічаць.

А на пытаньне пра родную мову я адказаў праўду. Што размаўляю і пішу па-руску. Роднай мовай адчуваю беларускую, але ж вось такое становішча, калі руская мова становіцца з ёй роўнай.

Карэспандэнт: “Такім чынам, вы адказалі, што родная мова і беларуская і руская?”

Чаргінец: “Так. І я лічу, што з часам усё стане на свае месцы”.