Князі Радзівілы адарылі свой былы палац

Мацей Радзівіл перадае экспанаты для будучага музэю міністру культуры Паўлу Латушку.

Сёньня ў Нясьвіжы адкрылася навукова-практычная канфэрэнцыя “Нясьвіскі палац Радзівілаў: гісторыя, новыя дасьледаваньні, вопыт стварэньня палацавых музэйных экспазыцый”. Сярод гасьцей канфэрэнцыі былі князі Радзівілы.

Your browser doesn’t support HTML5

Радзівілы папоўнілі калекцыю Нясвіскага музэю



Сёньня ў Нясьвіжы ўрачыста сустракалі гасьцей з розных гарадоў Беларусі, а таксама Літвы і Польшчы. Прыехалі высокія беларускія чыноўнікі, а таксама князі Радзівілы, якія чарговым разам прывезьлі будучаму музэю падарункі з сваіх калекцый. Князі Мацей і Мікалай Радзівілы ўрачыста перадалі іх на канфэрэнцыі кіраўнікам будучага музэю. Гэта шэсьць копій карцінаў (пераважна партрэтаў) і славутых радзівілаўскіх абразоў, а таксама дзьве арыгінальныя гравюры. Князь Мацей Радзівіл распавёў для “Свабоды” пра лёс аднаго з падарункаў:

Мацей Радзівіл
“Гэта лічбавая копія партрэту каралевы Барбары з роду Радзівілаў. Арыгінал знаходзіцца ў маім доме, у Польшчы. А перад Першай усясьветнай вайной арыгінал знаходзіўся ў вёсцы Паланечка, непадалёк ад Нясьвіжу, дзе таксама быў наш палац. Гэты партрэт вельмі зьвязаны з гісторыяй нашага роду”.

На канфэрэнцыі выступіў міністар культуры Павал Латушка. Паводле спадара Латушкі, не даводзіцца разьлічваць на тое, што музэі іншых краін, дзе ёсьць прадметы з радзівілаўскіх калекцыяў, падзеляцца гэтымі скарбамі зь Беларусьсю. Міністар культуры прапануе іншы шлях:

“Яшчэ адзін накірунак — гэта выраб нашымі прадпрыемствамі копій тых прадметаў, якія знаходзіліся ў палацы Радзівілаў. Яшчэ ўсё ж магчыма перадача некаторых арыгінальных прадметаў зь іншых краін, але, на жаль, іх законы гэтага не дазваляюць. Але вось прадстаўнікі роду Радзівілаў сваімі асабістымі намаганьнямі здолелі перадаць дзьве старажытныя гравюры з асабістай калекцыі”.

Паводле Паўла Латушкі, у блізкім часе плянуецца перадача 48 копіяў розных карцінаў, зьвязаных з палацам Радзівілаў, ад Міністэрства культуры Польшчы. І яшчэ 40 копій паступяць з асабістых калекцый Радзівілаў.

Былы міністар культуры і інфармацыі Анатоль Бутэвіч — таксама ўдзельнік сёньняшняй навуковай канфэрэнцыі ў Нясьвіжы. Анатоль Бутэвіч не уяўляе сабе гісторыі Беларусі без гісторыі роду Радзівілаў:

Анатоль Бутэвіч
“Быў час, калі і пра Радзівілаў, і пра Вялікае Княства Літоўскае было некарысна ведаць. Хаця я сам філёляг, гуманітарый, але адкрываю Княства і гісторыю дагэтуль нанава. Таму тое, што адбываецца з Радзівіламі, гэта гістарычная справядлівасьць. Вяртаньне людзей да сваёй зямлі. І калі тут будзе музэйны комплекс, то ў цэнтры ўвагі мусяць быць Радзівілы. А Радзівілы — гэта дзяржаўнікі, і празь іх гісторыю можна паказаць гісторыю гэтай зямлі”.

Нясьвіскі палац
Музэй у адрамантаваным радзівілаўскім палацы ў Нясьвіжы ўлады плянуюць адкрыць у 2011 годзе. Яны запэўніваюць, што грошы зь бюджэту будуць выдаткоўвацца ня толькі на рамонт будынка, але і на набыцьцё экспанатаў на аўкцыёнах. Дарэчы, сёньня музэй атрымаў яшчэ адну копію карціны са славутай радзівілаўскай калекцыі — ад Нацыянальнага гістарычнага музэю Беларусі.